Халіп: У “амерыканцы” мяне прасілі зняць пароль з папкі Бябеніна


Пасля афіцыйнага пацверджання версіі аб самагубстве журналіста Алега Бябеніна стала вядома, што ён пакінуў засакрэчаныя матэрыялы ў сваім прыватным кампутары, які спецслужбы канфіскавалі пасля ягонай смерці з кватэры экс-кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава і ягонай жонкі Ірыны Халіп.

“Яшчэ ў “амерыканцы” да мяне прыходзілі нейкія людзі з вялікімі пагонамі ды сказалі: “Можа, вы нам дапаможаце? У камп’ютары Бябеніна ёсць адна запароленая папка, якую мы не можам адкрыць”, – узгадвае журналістка Ірына Халіп.

Паводле журналісткі, на ейнае пытанне, ці вераць гэтыя людзі ў самагубства, яны адказалі: “Вядома, мы ніколі не будзем аспрэчваць афіцыйнай версіі, але пэўныя сумневы ў нас ёсць. І мы таксама хочам ведаць праўду”.

Заснавальніка сайту “Хартыя’97” Алега Бябеніна, які падчас снежаньскіх выбараў меў быць адной з галоўных асобаў у прэзідэнцкай кампаніі Андрэя Саннікава, знайшлі мёртвым з вяроўкаю на шыі на ягоным лецішчы пад Менскам. Гэта здарылася 3 верасня 2010 г. Паводле афіцыйнай версіі, ён скончыў жыццё самагубствам, аднак ягоныя сябры і знаёмыя ў яе не вераць.

Смерць Бябеніна выклікала шырокі рэзананс. Пад ціскам міжнароднай супольнасці беларускія ўлады запрасілі да ўдзелу ў расследаванні экспертаў-крыміналістаў з краінаў – чальцоў АБСЕ. Летась у лістападзе яны апублікавалі вынікі сваёй працы, падчас якой прыйшлі да высновы, што журналіст скончыў жыццё самагубствам.

Пры гэтым былы суддзя, старшыня юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінкскага камітэту Гары Паганяйла ў інтэрв’ю “Нямецкай хвалі” звяртаў увагу на тое, што запрашаць замежных крыміналістаў не мела сэнсу, бо ім не далі магчымасці ўзяць удзел у першапачатковых дзеяннях.

5 студзеня 2011 г. пракуратура Менскай вобласці паўторна адмовілася распачынаць крымінальную справу па факце смерці Бябеніна. Ірыну Халіп трымалі ў ізалятары КДБ з 19 снежня 2010 г. да 29 студзеня 2011-га.

belsat.eu

Стужка навінаў