Магілёвец будзе размаўляць з чыноўнікамі на мове Лукашэнкі


Муляр Аляксей Паўлоўскі атрымаў адказ з Нацыянальнай акадэміі навук на сваю просьбу растлумачыць сэнс некаторых выказванняў Аляксандра Лукашэнкі.

У сваім лісце Паўлоўскі, муляр 5-га разраду, звяртаючыся да “лінгвістаў, пісьменнікаў, кіраўнікоў”, нагадваў: “у выступе 26.04.2011 г. перад СМІ прэзідэнт РБ А. Лукашэнка назваў кіраўніка Еўракамісіі Жузэ Мануэля Барозу “казлом” і сказаў, што ў кіраўніцтва Украіны “вашывасці хапае”. Аўтар ліста прасіў мовазнаўцаў “даць тлумачэнні гэтым словам і патлумачыць, ці з’яўляюцца выказаныя А. Лукашэнкам словы прымальнымі пры звароце звычайных грамадзянаў РБ да кіраўніцтва дзяржавы”.

Адначасова Паўлоўскі прасіў растлумачыць такія выказванні Лукашэнкі, як “вашывыя блохі” (на адрас прадпрымальнікаў) і “адмарозкі, пятая калона” (на адрас апазіцыі).

Паводле афіцыйнага адказу Інстытуту мовы і літаратуры ім. Я. Коласа і Я. Купалы НАНБ, усе словы, значэнне якіх просіць растлумачыць Паўлоўскі, зафіксаваныя ў тлумачальных слоўніках сучаснай расейскай літаратурнай мовы, разлічаных на шырокага карыстальніка. Пры гэтым даецца невялікі спіс слоўнікаў, сярод якіх – слоўнік Ожагава 1981 года выдання, Слоўнік расейскай мовы ў 4-х тамах 1981–1984 гадоў выдання і Вялікі тлумачальны слоўнік расейскай мовы 2000 года. У лісце пазначаюцца нумары старонак, на якіх знаходзяцца словы, што цікавяць Паўлоўскага.

“На названых старонках вы можаце знайсці тлумачэнне значэнняў гэтых словаў, а таксама звесткі аб стылістычнай афарбоўцы і асаблівасцях іх выкарыстання ў пераносным значэнні. Дарэчнасць і мэтазгоднасць выкарыстання гэтых і іншых стылістычных адзінак залежыць ад жанру прамовы і прагматычных мэтаў выказвання”, – гаворыцца ў адказе інстытуту.

Аляксей Паўлоўскі такім адказам не задаволены. “Цягам трох месяцаў чыноўнікі не змаглі растлумачыць, што хацеў сказаць сваімі словамі Лукашэнкі. Больш за тое, яны парушылі заканадаўства – цягнулі больш за месяц з адказам і не адказалі па сутнасці. Я буду рыхтаваць скаргу ў Генпракуратуру на парушэнне Акадэміяй навук Закону аб зваротах грамадзянаў, каб яны на ўсе пункты майго запыту адказалі”, – заявіў Паўлоўскі.

Ён, у прыватнасці, падкрэслівае, што з ліста акадэмікаў яму не зразумела, ці з’яўляюцца выказаныя кіраўніком Беларусі словы абразлівымі. “Але калі іх ужывае прэзідэнт, значыць, яны прымальныя ў зносінах паміж грамадзянамі”, – выказаў меркаванне муляр. Зыходзячы з гэтага, ён мае намер выкарыстоўваць вышэйпералічаныя словы пры далейшай перапісцы з дзяржструктурамі.

belsat.eu

Стужка навінаў