Зміцер Бандарэнка піша лісты стоячы


Зміцер Бандарэнка, кіраўнік выбарчай кампаніі Андрэя Саннікава, кандыдата на прэзідэнцтва на выбарах-2010, не вітае вызвалення палітвязняў, адпушчаных пасля прашэння аб памілаванні. Пра гэта ён піша ў лісце былой даверанай асобе Саннікава па Магілёўскай вобласці Віктару Болдзіну.

“Дзякуй за падрабязны яркі рэпартаж пра сустрэчу нашых сядзельцаў, – гаворыцца ў лісце. – <…> Чуў лухту, нібыта нехта з заходнікаў прывітаў такое вызваленне. Людзей гнуць, ломяць, пагражаюць ім. А гэтыя вітаюць. Недалёкія смешныя персанажы”.

Знаходзячыся ў СІЗА № 1 у Менску пасля аперацыі на хрыбетніку, Дзмітрый Бандарэнка паведамляе, што сядзець яму нельга будзе яшчэ некалькі месяцаў. “Нават гэты ліст пішу стоячы, абапіраючыся на верхнія нары. Карацей, трэба прызвычаіцца да жыцця толькі стоячы і толькі лежачы”, – піша палітвязень, дзякуючы за падтрыманне і перадаючы прывітанне “ўсім нашым”.

Ліст датаваны 23 жніўня. Паводле паштовага штампу, у Магілёў яно прыйшло на наступны дзень.

Змітра Бандарэнку арыштавалі пасля мітынгу 19 снежня і змясцілі ў СІЗА КДБ, дзе ў яго абвастрыліся хранічныя хваробы. У красавіку суд прызнаў яго вінаватым у “арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і актыўным удзеле ў іх” і прысудзіў да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

belsat.eu

Стужка навінаў