“Белінвестбанк”: Прыпыняем выдачу валюты за мяжою


Паводле афіцыйнага звароту банку, з 5 верасня кліенты больш не змогуць здымаць грошы з карткі за межамі Беларусі.

Абмежаванні валютных аперацыяў беларускія банкі пачалі ўводзіць яшчэ ўвесну. Паколькі валюту ў айчынныя банкаматы не загружаюць ужо паўгода, кліенты здымалі яе за мяжою паводле афіцыйнага курсу Нацыянальнага банку. Такая сітуацыя банкіраў не задавальняла, таму ўвялі абмежаванні. Напрыклад, самы магутны банк у краіне – “Беларусбанк” – дазваляе здымаць за содні валюты на суму не больш як 25 долараў. Безнаяўны разлік за содні не мусіць перавышаць 50 долараў. Але гэтыя тарыфы ўвесь час пераглядаюць і скарачаюць.

Кіраўніцтва “Белінвестбанку”, напрыклад, папярэдзіла сёння кліентаў, што з 5 верасня здымаць валюту за мяжою будзе забаронена. У інфармацыйным цэнтры адмовіліся каментаваць прычыны абмежавання. “Рашэнне прыняло кіраўніцтвам, мы не маем права тлумачыць прычынаў. Кліентам трэба прыняць гэта як факт. Што тычыцца безнаяўнага разліку, то пакуль ён застаецца ранейшым – за содні за мяжою можна разлічыцца на суму, эквівалентную 225 тыс. руб. – для суседніх краінаў, 450 тыс. руб. – для далёкага замежжа”, – паведаміў аператар кол-цэнтру.

Эканаміст Ірына Урбан тлумачыць, што банкі прымаюць абмежавальныя захады з-за множнасці курсаў у краіне. “Натуральна, што банку нявыгадна прадаваць долары паводле курсу 5000:1, у той час як рэальны курс – 8500–9000:1. Напрыклад, “МТБанк” за здыманне валюты за мяжою ўвёў камісію 80 %, тым самым паставіўшы перад кліентам цэннік на долар 9 тыс. руб.”.

belsat.eu

Стужка навінаў