“Міс Беларусь” збіраецца спяваць папсу


Людміла Якімовіч заснавала групу з пікантнаю назваю “Intimacy”.

Пераможца конкурсу “Міс Беларусь – 2010” Людміла Якімовіч распавяла пра свае творчыя планы 2 верасня на прэсавай канферэнцыі ў Менску. Апошняя была прысвечаная вынікам конкурсу “Miss Supranational”, які прайшоў у Польшчы. На ім Людміла Якімовіч атрымала тытул “Першай віцэ-міс”.

“Гэта група, якая грае якасную поп-музыку, з ангельскамоўнымі ды расейскамоўнымі трэкамі”, – распавяла прыгажуня пра ўласны музычны праект. На просьбу ўдакладніць, чым ён будзе адрознівацца ад існых, Людміла засмяялася: “Тым, што там буду я і мае таленавітыя калегі, яшчэ дзве дзяўчыны”.

У конкурсе “Miss Supranational” удзельнічалі 70 дзяўчат з усяго свету. Як адзначыла Якімовіч, конкурс праводзіўся трэці раз і пакуль занадта малады, каб быць шырока вядомым. “З увагі на тое, што я назірала конкурс з сярэдзіны, магу сказаць, што ў арганізацыі шоу, афармленні залы, падборы музыкі, узроўні харэографаў конкурс не саступае самым знакамітым. Удзельніцы таксама падбіраліся высокага ўзроўню – з прэстыжнымі міжнароднымі тытуламі”, – сказала беларуская мадэль.

Нягледзячы на тое што, ёй не ўдалося заваяваць галоўнай кароны, вынікам Якімовіч усё ж задаволеная. Сярод суперніц беларускай удзельніцы найбольш імпанавалі прадстаўніцы Польшчы, ЗША і Пуэрта-Рыка. “На гэтым конкурсе я не маю прэтэнзіяў нават да дваццаткі – усе дзяўчаты былі вартыя сваіх месцаў”, – адзначыла Якімовіч.

Акрамя прэзентацыі знешнасці ўдзельніцы конкурсу паказвалі свае таленты. Людміла Якімовіч выканала беларускую песню “Сінякрылы матылёк” на вершы Максіма Багдановіча. У межах конкурсу дзяўчаты бралі ўдзел у дабрачыннай акцыі дзеля збору сродкаў на дапамогу Самалі. Удзельніцам давялося прасіць грошай у мінакоў у цэнтры Варшавы.

Галоўны тытул конкурсу “Miss Supranational” атрымала Моніка Леўчук з Польшчы, тытул другой віцэ-міс – прадстаўніца Пуэрта-Рыка, трэцяй віцэ-міс – В’етнаму.

belsat.eu
https://youtu.be/5XE9HDFKk5Q

Глядзі таксама
Каментары