Турнік спілавалі, курсы ангельскай мовы закрылі


Марына Адамовіч, жонка былога кандыдата на прэзідэнта Міколы Статкевіча, наведала яго ў калоніі з адвакатам.

2 верасня яны пабывалі ў Шклове (Магілёўская вобласць). Паводле Марыны Адамовіч, Статкевіч распавёў, што адміністрацыя калоніі пільнуе кожны ягоны крок і нацкоўвае на яго іншых зняволеных.

Лісты Статкевіча зачытваюць перад усімі зняволенымі. “У калоніі спілавалі турнік, на якім вязні займаліся, і паведамілі ўсім, што гэта было зроблена з-за лістоў Статкевіча. Мікалай напісаў заяву на тэлефанаванне. Гэты званок яму спачатку дазволілі, але потым афіцэр, які гэта зрабіў, быў жорстка пакараны”, – паведаміла Адамовіч.

Паводле яе, як толькі Статкевіч запісаўся на курсы ангельскай мовы ў калоніі, яны адразу ж былі закрытыя.

Яна пацвердзіла, што былы кандыдат працуе на лесапільні – цягае бярвёны. “Аказваецца, у яго самы вялікі заробак у калоніі, 18 000 руб. Астатнія зняволеныя атрымліваюць значна менш”, – сказала Адамовіч.

Яна падзякавала ўсім, хто падтрымлівае Статкевіча, але папрасіла не дасылаць яму бандэроляў. “Лісты – калі ласка, тэлеграмы – выдатна. Але яму можна толькі дзве бандэролі на год. Кіраўніцтва калоніі перадало яму дзве бандэролі ад старонніх людзей: нейкі часопіс і дзіцячую кніжку. І ўсё, да канца года бандэроляў нельга, і ён не атрымае сапраўды неабходных яму рэчаў”, – сказала Марына Адамовіч.

У межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня Статкевіч асуджаны да 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары