Алесь Лагвінец: Лукашэнка распачаў новую гульню з Захадам


Палітолаг Алесь Лагвінец гаворыць, што прэзідэнт Беларусі заўсёды рэагуе адпаведна сітуацыі. Але хто выйдзе з гэтай гульні пераможцам?

Са словаў палітолага, Аляксандр Лукашэнка дзее згодна з абставінамі: “Летась у снежні яму трэба было збіць хвалю пратэсту, і ён выкарыстаў празмерныя рэпрэсіўныя сродкі: запужаў грамадства і пасадзіў найбольш актыўных пратэстоўцаў”.

Цяпер валютны і эканамічны крызіс вымушае Аляксандра Лукашэнку заляцацца да Захаду, бо Расея выстаўляе жорсткія ўмовы атрымання грошай. Адсюль і дэманстрацыя “добрай волі” – вызваленне часткі палітвязняў, абяцанні выпусціць астатніх да сярэдзіны кастрычніка і сесці з апазіцыяй за круглы стол, мяркуе эксперт.

Але Захад не асабліва давярае абяцанням лідара Беларусі. Напрыклад, прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце змякчэнне пазіцыі беларускага рэжыму назвала палітычным цыклам суседняй краіны, які не абяцае нічога новага. Алесь Лагвінец гаворыць, што калі паміж партнёрамі няма даверу, можна звярнуцца да так званай “дарожнай мапы” – паступовага сцэнару прасоўвання да азначанай мэты. “Калі Лукашэнка выканае свае абяцанні Еўразвязу, то гэта стане першаю “дарожнаю мапаю”, за якою будуць і наступныя”, – мяркуе палітолаг.
Ці не перагуляе прэзідэнт Беларусі еўрапейскіх партнёраў зноў? Алесь Лагвінец гаворыць, што тут усё будзе залежаць ад беларусаў: “Калісьці да Кадафі прыязджалі і Сарказі, і Бэрлюсконі. Але калі крытычная маса лівійскага народу адрынула дыктатуру і пачала супрацьстаяць ёй, Захад таксама памяняў сваё стаўленне”. Калі ў краіне не з’явіцца крытычная маса, якая захоча зменаў, то ў Захаду амаль не застанецца інструментаў, каб уплываць на Беларусь, зазначае палітолаг.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары