Атрутны бром забруджвае Чэлябінск


У чацвер 1 верасня 2011 г. адбыўся выцек брому ў адным з вагонаў грузавога складу на станцыі “Чэлябінск-Галоўны” Паўднёва-ўральскай чыгункі (ПУЧ). Адмысловая камісія вылецела з Масквы ў Чэлябінск на месца надзвычайнага здарэння. Міністр радыяцыйнай ды экалагічнай бяспекі Чэлябінскай вобласці Аляксандр Галічын заявіў, што выцек брому не можа адмоўна паўплываць на здароўе мясцовых жыхароў.

А 07:35 у чацвер у МНС паступіла паведамленне ад дзяжурнага дыспетчара станцыі “Чэлябінск-Галоўны” аб тым, што ад аднаго з вагонаў грузавога складу ідзе рэзкі пах. Вагон адчапілі ды адагналі ў тупік для далейшага агляду. У выніку ў ім знайшлі каля дзясятка пабітых 5-літровых слоікаў з вадкім бромам, вагон адбуксавалі са станцыі за межы гораду.

За медычнаю дапамогаю пасля выцеку звярнулася больш за 200 чалавек. Паводле звестак на пятніцу, з іх шпіталізавалі 46, у тым ліку дваіх дзяцей і траіх ліквідатараў аварыі. Паводле Следчага камітэту, у выніку аварыі пацярпелі 65 чалавек.

“Сітуацыя цалкам пад кантролем. Непакою пра жыццё і здароўе насельніцтва гораду Чэлябінску або ваколіцаў у нас няма”, – заявіў кіраўнік абласнога ўпраўлення МНС Юрый Бутэнка.

Але ў інтэрнэт-блогах з’явіліся паведамленні, дзе карыстальнікі зняпраўджваюць інфармацыю ўладаў аб сітуацыі ў Чэлябінску. Са словаў жыхароў гораду, там адбыўся выцек атрутнага хлору, а не брому, як паведамлялася раней. Шматлікія інтэрнэт-карыстальнікі паведамляюць, што бачылі на вуліцах шмат людзей у адгазніках і адчувалі рэзкі пах хлору, скардзіліся на кепскае пачуванне, галаўны боль, слезацёк.

belsat.eu

Стужка навінаў