Міхась Залескі: Стратэгія – піць без просыпу і не думаць пра палітыку


„Акцызы – гэта форма падатку, які скіраваны проста на спажыўца, таму вельмі шмат грошай трапляе з акцызаў. Падакцызныя тавары, у тым ліку гарэлка і тытунь, – гэта адна з істотнейшых крыніцаў папаўнення дзяржаўнага бюджэту. Ад гарэлкі мы маем кожны сёмы рубель. Вось таму, калі грошай цяпер няма, акцызы і падвышаюцца”, – заяўляе эканаміст Міхась Залескі.

Паводле словаў эксперта, павышэнне стаўкі акцызаў на алкагольную і тытунёвую прадукцыю істотным чынам не адаб’ецца на побыце насельніцтва. „Хвалявацца п’яніцам, алкаголікам і простым спажыўцам спіртнога не варта, бо за савецкім часам на сярэднюю зарплату можна было купіць 40 бутэлек гарэлкі, а за часы развітога „лукашызму” можна купіць 100. Таму яшчэ наперадзе ў нас вялікія перспектывы”, – кажа Залескі.

Нагадаем, што з 1 верасня значна павышаюцца стаўкі акцызаў на алкагольныя і тытунёвыя вырабы. Гэта прадугледжваецца ўказам прэзідэнта № 378 ад 30 жніўня 2011 года, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

„Насамрэч мы маем стратэгію, паводле якой гарэлка каштуе, як мінеральная вада. Стратэгію, паводле якой людзі павінны піць без просыпу і не думаць пра палітыку. Стратэгію, паводле якой у цяжкую часіну людзям не дапамагаюць зрабіцца мацней і кваліфікаваней, а працягваюць іх спайваць. Таму казаць, што гэтыя акцызы нейкім чынам уводзяць як эканамічныя захады, я б не стаў”, – мяркуе Залескі.

„Ці ў нас робяць у краіне гарэлку і віно? Гарэлку яшчэ крыху робяць, якую можна ўжываць людзям. А віна ў нас не робяць. Віно робяць у Італіі, піва робяць у Чэхіі ды Нямеччыне, гарэлку робяць у Фінляндыі. А мы робім сурагаты і знішчаем імі насельніцтва”, – гаворыць эканаміст.

belsat.eu

Стужка навінаў