Лукашэнка абяцае да сярэдзіны кастрычніка вызваліць усіх палітвязняў?


Пра гэта гаворыць міністр замежных справаў Балгарыі Нікалай Младэнаў вярхоўнай прадстаўніцы замежных справаў і бяспекі Еўразвязу Кэтрын Эштан у лісце, якое трапіла да журналістаў “Reuters”.

Младэнаў паведамляе, што з Лукашэнкам ён сустрэўся ў Менску на мінулым тыдні, і той паабяцаў вызваліць чацвярых палітзняволеных да канца тыдня, а яшчэ з двух – зняць абвінавачанні. Усіх астатніх Лукашэнка нібыта паабяцаў вызваліць да сярэдзіны кастрычніка.

Таксама балгарскі міністр паведаміў, што прэзідэнт Беларусі паабяцаў правесці круглы стол з апазіцыяй дзеля абмеркавання будучыні краіны, на які запросяць “групу мудрацоў” дзеля назірання і спрыяння перамовам.

Крыніца “Reuters” у еўрапейскіх дыпламатычных кругах падкрэслівае, што Еўразвяз не будзе абмяркоўваць прапановы Лукашэнкі аб правядзенні круглых сталоў, пакуль палітвязні ў турмах. “Гэта канчатковая папярэдняя умова, – заявіла крыніца. – Беларусь спрабуе згуляць у тую ж гульню, як і заўсёды, але гэтым разам не спрацуе. Менск спрабаваў дзеяць праз традыцыйныя сувязі ў Італіі ды Літве, але атрымаў адмову, пасля чаго пагадзілася Балгарыя”.

Прэс-служба Лукашэнкі не пацвярджае і не зняпраўджвае інфармацыі пра сустрэчу кіраўніка Беларусі з балгарскім дыпламатам.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары