Бэрнд Штанге: Заўтра трэба перамагаць


1 верасня ў сталічным Доме футболу прайшла прэс-канферэнцыя галоўнага трэнера зборнай Беларусі Бэрнда Штанге. Яна была прысвечаная матчам адборачнага турніру чэмпіянату Еўропы са зборнаю Босніі і Герцагавіны (2 верасня ў Менску і 6 верасня ў Зэніцы).

“Нашая мара – трапіць на чэмпіянат Еўропы, які пройдзе ў наступным годзе ў Польшчы і Украіне, нічога больш важнага ў нас няма, – заявіў трэнер. – Мы сфакусаваныя на гэтай мэце і мусім прайсці наступныя крокі да яе. А гэта значыць, што заўтра нам трэба выйграць хатнюю гульню ў Босніі. Гэта было б вянцом паспяховага развіцця футболу ў краіне за апошнія гады”.

“Мы не будзем бянтэжыцца праз самаўпэўненасць суперніка, – гаворыць Штанге. – Калі Джэка кажа, што баснійцы мацнейшыя за беларусаў, то, можа быць, ён мае на гэта права. Калі яны кажуць, што атрымаюць чатыры пункты ў гэтых гульнях, то і мы таксама можам сказаць, што заробім чатыры пункты. Мы закончылі падрыхтоўку да гэтай гульні, усе дзевятнаццаць гульцоў у добрай фізічнай форме, траўмаў няма. Добра вывучылі суперніка, ведаем ягоныя моцныя і слабыя бакі. Цяпер усё вырашыцца на зялёным газоне ў паядынку мужчынаў супраць мужчынаў”.

Гаворачы пра сустрэчу на выездзе, трэнер адзначыў, што яна патрабуе асобнай падрыхтоўкі: “У Босніі будзем гуляць у гарах – у асаблівым горадзе, з асаблівымі заўзятарамі. Францыя заплаціла велізарныя грошы, каб гуляць не ў Зэніцы, а ў Сараеве. У гарах будзе вельмі складана, баснійцы там ніколі не прайгравалі”.

Штанге запэўніў, што заўтра на стадыёне “Дынама” ў Менску беларуская зборная будзе атакаваць, гуляць у камбінацыйны футбол.

belsat.eu

Стужка навінаў