Абд аль-Аці аль-Убаідзі арыштаваны сіламі паўстанцаў


Міністр замежных справаў ва ўрадзе Муамара Кадафі Абд аль-Аці аль-Убаідзі арыштаваны сіламі паўстанцаў, паведамляе “Reuters”.

Высокапастаўлены функцыянер быў арыштаваны на сваёй ферме ў заходнім прыгарадзе Трыпалі Джанзуры.

Кіраўніком лівійскага МЗС аль-Убаідзі быў прызначаны на пачатку красавіка замест папярэдняга міністра Мусы Кусы, які пакінуў свой пост і з’ехаў у Вялікую Брытанію. За апошнія месяцы аль-Убаідзі правёў некалькі сустрэчаў са сваімі калегамі з іншых краінаў. На пачатку жніўня ў Афінах ён сустракаўся з міністрам замежных справаў Грэцыі, а ў ліпені гэтага года наведваў Маскву.

Асяроддзе Кадафі моцна звузілася ад шматлікіх гучных дэзерцірстваў, арыштаў і забойстваў у час паўстання, якое скончыла ягонае 42-гадовае кіраванне краінаю.

Тым часам рэзідэнцыя Муамара Кадафі Баб аль-Азізія сталася турыстычнай цікавосткаю для жыхароў Лівіі – на яе руіны прыходзяць людзі, каб зрабіць фатаграфіі, узяць на памяць кавалак будынку ці таго, што засталося на тэрыторыі комплексу пасля жорсткіх баёў.

belsat.eu

Стужка навінаў