Бабуля Мірзаянава наведала калонію: Дык гэта ж 1941 год!


Родныя Фёдара Мірзаянава наведалі палітвязня ў калоніі “Ваўчыныя норы”. На доўгатэрміновае спатканне прыехала нават ягоная 80-гадовая бабуля.

“Мы вельмі хваляваліся, як мама перанясе гэтую паездку. Але яна настаяла, што паедзе: маўляў, можа, гэта апошняя магчымасць пабачыць унука”, – распавяла “Белсату” адразу ж пасля выхаду з калоніі Людміла Мірзаянава. Маці вязня гаворыць, што 80-гадовая Ніна Васілеўна была шакаваная ўбачаным: “Калі яна пабачыла турэмную агароджу, пачула браханне сабак, што сцерагуць зняволеных, то адразу ж згадала 1941 год. Тады пад такое ж браханне ў ейную родную вёску пад Клецкам уваходзілі фашысты”.

Людміла Мірзаянава гаворыць, што Фёдар вельмі памужнеў і нават падрос, трымаецца ён упэўнена, спакойна і гаворыць, што ніякіх прашэнняў пісаць не збіраецца, хоць адміністрацыя калоніі імкнецца пераканаць яго. Фёдар Мірзаянаў распавёў родным, што з каранціну яго перавялі ў 2-гі атрад, у ім жа адбывае пакаранне асуджаны ў справе анархістаў Аляксандр Францкевіч.

“Фёдар прасіў перадаць вітанні ды падзяку ўсім, хто падтрымлівае яго: незалежным журналістам і рэдакцыям, што дасылаюць у калонію свае газеты, аднакурснікам і сваякам іншых палітвязняў, якія пішуць лісты, дасылаюць яму пасылкі. Алена Ліхавід, напрыклад, перадала з намі Фёдару запечаную курыцу. Усе гэтыя праявы салідарнасці вельмі важныя для яго”, – дзеліцца Людміла Мірзаянава.

Жанчына гаворыць, што пабываўшы ў калоніі ды пачуўшы расповеды сына пра турэмнае жыццё, яна для сябе назвала месца зняволення сына “Зонаю ЛУ” – зонаю, дзе “ломают убеждения”. “Але мой сын вытрымае, бо ягоныя перакананні мацнейшыя, чым у тых людзей, што імкнуцца яго зламаць”, – упэўненая маці палітвязня.

Студэнт-трэцякурснік Беларускага эканамічнага ўніверсітэту Фёдар Мірзаянаў за ўдзел у Плошчы быў асуджаны на 3 гады зняволення. Сваёй віны юнак не прызнаў. “Я буду працягваць змагацца і сцвярджаць, што я невінаваты, масавых беспарадкаў не было, а справа сфабрыкаваная. Тут цяжка, але нават тут адчуваецца людское спачуванне і падтрыманне, а значыць, я буду працягваць чакаць пераменаў да лепшага”, – напісаў Фёдар Мірзаянаў у адным са сваіх лістоў на волю.

Пісаць Фёдару Мірзаянаву можна на адрас: ПК-22 “Ваўчыныя норы”, 225295 Брэсцкая вобласць, Івацэвіцкі раён, ст. Даманава, атрад № 2.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары