Першая ластаўка: У Віцебску на дзень адмовіліся працаваць


https://youtu.be/ztEA6bM3rL8
Прычына – нізкі заробак.

У Віцебску працаўнікі будаўнічага прадпрыемства на адзін дзень адмовіліся працаваць з-за нізкага заробку. Пра гэта “Белсату” паведаміў жыхар Віцебску, які пажадаў застацца неназваным.

“На прадпрыемстве “Жылпраект” скарачаюць работнікаў – пераважна моладзь і пенсіянераў, таксама некаторых пераводзяць на палову стаўкі. Кіраўніцтва тлумачыць сітуацыю проста: няма ні працы, ні грошай. У выніку ў новых мікрараёнах прыпынілі будаўніцтва. Заробкаў не падвышаюць, а таму людзі адмаўляюцца працаваць звыш нормы, абураюцца”, – паведаміў суразмоўца.

Сам ён працуе на абутковым прадпрыемстве “Белвест”, дзе адміністрацыя таксама парушае працоўнае заканадаўства. “Нас прымушаюць працаваць у выходныя, хоць гэта не прапісана ў дамове. Калі адмовішся – не дадуць прэміі або не працягнуць кантракту. У мяне выкананне плану – 130 %, аднак яшчэ ні разу я не атрымаў больш за 900 тыс. руб.”, – кажа мужчына. З ягоных словаў, пратэставыя настроі наспяваюць на прадпрыемствах, але людзі па-ранейшаму баяцца адкрыта выказваць свае прэтэнзіі кіраўніцтву і чыноўнікам.

Лідар Беларускага дэмакратычнага кангрэса прафсаюзаўАляксандр Ярашук тлумачыць гэта тым, што ўлады зрабілі ўсё магчымае, каб запалохаць людзей. “Мы праводзім апытанні на буйных прадпрыемствах па ўсё краіне. Дык вось, рабочыя найбольш баяцца палітычных рэпрэсіяў і непрацягнення кантракту”.

Эксперт таксама звяртае ўвагу на тое, што ўлады зараз робяць псіхалагічныя захады, каб супакоіць сацыяльную незадаволенасць у грамадстве. “Было заяўлена пра павышэнне стаўкі першага разраду, бюджэтнікам паабяцалі аднаразовую дапамогу 500 тыс. руб., пенсіянерам і студэнтам – павысіць штомесячныя выплаты… Зразумела, што ўсе гэтыя крокі не зменяць фінансавай сітуацыі, гэты грашовы дадатак проста з’есць інфляцыя, але паколькі дзяржава мэтанакіравана выхоўвала рабочага, які не думае пра перспектывы, часова гэтая захада можа суцішыць пратэставыя настроі”.

Спадар Ярашук лічыць, што пратэсты сярод працаўнікоў могуць узнікаць стыхійна. “Гэта складана спрагназаваць, але пры такім напружанні ў грамадстве дастаткова, каб людзі не падзялілі чаргі за каўбасой, каб пачаўся сапраўдны бунт”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары