Гераіню інтэрнэт-хіта аштрафавалі за хуліганства


Расяянку, ролік аб затрыманні якой працаўнікі беларускай ДАІ выклалі ў інтэрнэце, аштрафавалі за дробнае хуліганства і прыцягнуць да адказнасці за кіраванне ў нецвярозым стане.

Пра гэта карэспандэнту БелТА паведамілі ў ДАІ Магілёўскай вобласці. На відэароліку паказаны момант затрымання дзяржаўтаінспектарам п’янай жанчыны, якая сядзела за стырном аўтамабіля ў Касцюковічах. Жанчына нецэнзурна лаялася на адрас даішнікаў, калі тыя прасілі яе паказаць правы і дакументы на аўтамабіль “БМВ” з нумарамі Маскоўскай вобласці (рэгіён 190). У салоне сядзеў таксама нецвярозы мужчына, які спрабаваў вырваць сяброўку з рук інспектараў.

Як распавялі ў ДАІ, гераіня роліка “П’яная расейская дзяўчынка ў Беларусі (канфлікт з ДАІ)” – нарадзілася ў 1979 г. у Літве, жыве ў Падмаскоўе, мае від на жыхарства ў Беларусі. Мужчына – выхадзец з Касцюковіцкага раёну, жыве ў Санкт-Пецярбурзе. Пасля таго, як жанчыну гвалтоўна пасадзілі ў аўтамабіль ДАІ, яна выбіла задняе шкло. Міліцыянты даставілі яе на медычны агляд, які паказаў, што ў ейнай крыві ўтрымлівалася 0,3 праміле алкаголю. Аднак яна парвала акт медычнага агляду і пажадала здаць кроў. Гэты аналіз, на ейную думку, мусіў паказаць, што яна цвярозая.

Тры дні жанчына была пад арыштам. 22 жніўня суд Касцюковіцкага раёну аштрафаваў яе за дробнае хуліганства. Цяпер у судзе ідзе адміністрацыйны працэс па факце кіравання ёю аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення. Рашэнне суд вынесе пасля атрымання вынікаў аналізу крыві.

У ДАІ таксама распавялі, што расяянка раскаялася, папрасіла прабачэння ў інспектара і набыла задняе шкло для службовай машыны.

У дачыненні пасажыра “БМВ” міліцыя не стала нічога рабіць, бо, як растлумачылі ў ДАІ, “ён больш спрабаваў абараніць дзяўчыну, чым супраціўляўся працаўнікам ДАІ”.

belsat.eu

Стужка навінаў