Круглы стол не адбыўся


Хоць на яго прыйшлі прадстаўнікі Савету Міністраў.

31 жніўня ў сталічным гатэлі “Арбіта” быў запланаваны круглы стол аб праблемах паліўна-энергетычнага комплексу і цэнаўтварэння на гэтым рынку. Арганізатарам выступала інфармацыйна-асветніцкая ўстанова “За аўта”.

Аднак напярэдадні арганізатары атрымалі ліст ад дырэкцыі гатэлю, у якім паведамлялася пра адмену арэнды залы “з тэхнічных прычынаў”. З гэтых жа прычынаў аказалася немагчымым правядзенне сустрэчы і ў рэстаране “Арбіты”, хоць сталы для яе ўдзельнікаў ужо былі накрытыя, паведаміў дырэктар “За аўта” Арцём Шаркоў.

Між тым, паводле яго, каб выслухаць думкі грамадскасці і экспертаў, на пасяджэнне круглага стала прыйшоў прадстаўнік Савету Міністраў.

“Ён лічыць, што кошты на паліва павышаць неабходна, – сказаў Шаркоў, – бо да гэтага, маўляў, забавязвае эканамічная сітуацыя. Але чыноўнік пагадзіўся і з тым, што абмяркоўваць гэтыя пытанні трэба за круглым сталом, робячы канструктыўныя прапановы. Іхнае жаданне дачыняцца з намі і надалей – ужо хоць які першы крок нам насустрач”.

“Калі раней мяне хвалявалі ў першую чаргу цэны на бензін, – дадаў грамадскі актывіст Канстанцін Міхайлаў, – то сёння мяне хвалюе ўсё: і харчы, і паслугі ЖКГ, якія з заўтрашняга дня даражэюць, і бензін. Ізноў жа, сітуацыя з валютаю. < …> Мяне хвалююць усе гэтыя пытанні, і мы будзем іх узнімаць на сустрэчы з прадстаўнікамі аналітычнага аддзелу Савету Міністраў”.

belsat.eu

Стужка навінаў