Сяргей Чалы: Валюта можа вярнуцца ў абменнікі


Гэта будзе магчыма, калі з камерцыйных банкаў здымуць абмежаванні ў доступе да валютнай біржы, гаворыць фінансавы аналітык.

Фінансавы аналітык Сяргей Чалы не чакае з’яўлення раўнаважнага курсу беларускага рубля па выніках рэалізацыі комплексу захадаў, пра якія гаварыў прэзідэнт 30 жніўня. Прычына – у захаванні множнасці курсаў на асноўнай і дадатковай сесіях валютнай біржы.

“Гэта азначае з’яўленне валюты ў абменніках паводле курсу, блізкага да таго, які будзе складацца на другой сесіі, што ў некаторай ступені прывядзе да вяртання часткі людзей у абменнікі. Калі з камерцыйных банкаў здымуць абмежаванні ў доступе да біржы (у дадзеным выпадку – хаця б да другой сесіі), валюта ў абменніках мусіць з’явіцца”, – сказаў Сяргей Чалы.

Пры гэтым курс, які будзе сфармаваны на аснове попыту і прапановы на другой сесіі, “не можа быць раўнаважным, калі ў экспарцёраў патрабуюць прадаваць 30 % валютнай выручкі ўдвая танней”, – тлумачыць аналітык.

“Фактычна, гэта замацаванне дэ-юрэ існавання дэ-факта множнасці курсаў. То бок захоўваецца стары канфіскацыйны 30-адсоткавы курс валютнай выручкі. Адзінае, што змяняецца для бізнесу, – з’яўленне мажлівасці афіцыйна карыстацца курсам, па сутнасці, сённяшнім чорным, які будзе складацца на сесіі”, – дадае эксперт.

Нейкае паляпшэнне ўмоваў гаспадарання для бізнесу адбудзецца, хоць бы за кошт скарачэння выдаткаў “на нейкія схемы канвертавання валюты”, гаворыць Чалы. Але ў той жа час, “лёгкі доступ да валюты набываецца цаною пашырэння паўнамоцтваў кантрольных карных органаў”, удакладніў фінансавы аналітык.

belsat.eu

Стужка навінаў