Мацкевіч: Лукашэнка мусіць перадаць паўнамоцтвы часоваму ўраду


Альтэрнатывы дыялогу няма, місія апазіцыі – не дапусціць да яго сімулявання з боку ўлады, мяркуе палітолаг.

“Са становішча, у якім апынулася краіна: гэтыя кошты, адсутнасць грошай, стагнацыя ў эканоміцы, – трэба шукаць выйсце. І рабіць гэта можна толькі разам: гэта агульнанародная справа. Таму – дыялог і перадаванне ўлады ад сённяшняга рэжыму спачатку часоваму ўраду. Потым – устаноўчы сход, які вырашыць, якім чынам будзе пабудаваная палітычная сістэма Беларусі надалей і хто возьме на сябе адказнасць за вывядзенне краіны з крызісу”, – лічыць палітолаг Уладзімір Мацкевіч.

Тое, што Аляксандр Лукашэнка захоча імітаваць дыялог, паводле эксперта, – факт, з якім трэба лічыцца: “Усё залежыць ад нас: ці прымаем мы гэтую сімуляцыю, ці запатрабуем рэальных дзеянняў”.

Пры гэтым ён адзначае, што ў апазіцыі нямала людзей, гатовых прыняць сімуляцыю, паколькі яны баяцца браць адказнасць за краіну: “Яны хочуць быць пры ўладзе, а не ўладаю. І гэта самае ганебнае, што ёсць у сённяшняй палітычнай сітуацыі”. Аднак, паводле Мацкевіча, прынцыповыя палітыкі ды лідары грамадзянскай супольнасці будуць рабіць усё, каб дыялог быў сапраўдным.

Ён падкрэслівае, што пакуль удзельнікі перамоваў, якія за свае паводзіны (калі яны не спадабаюцца Лукашэнку) рызыкуюць трапіць за краты, дыялог адбыцца не можа: “Пры такіх акалічнасцях дыялогу не бывае. Гэта можа быць допыт”.

Паводле палітолага, шырокай грамадзянскай супольнасці пакуль бракуе разумення, што альтэрнатывы дыялогу, няма: “Гэта або марудная смерць краіны і потым анексія Расеі, калі мы нічога не будзем рабіць, або, калі мы раптам паўстанем (што малаімаверна), пачнецца грамадзянская вайна. Застаецца варыянт мірнага, перамоўнага, цывілізаванага пераймання ўлады”.

Уладзімір Мацкевіч падкрэслівае, што вылучэнне прадстаўнікоў на круглы стол – вельмі адказная справа. Ён адзначыў, што працэдуру выпрацавалі яшчэ ўвесну: яна апісаная ў канцэпцыі ўдзелу дэмакратычнай апазіцыі ў будучых парламенцкіх выбарах “Стратэгія-2012”. “Мы нават увесну зрабілі першыя крокі ў фармаванні такой групоўкі, якая мела б паўнамоцтвы ад палітыкаў і грамадзянскай супольнасці, і ніхто акрамя яе. Адзінае, што змянілася з вясны, – гэта тое, што сёння мы павінныя ўключыць у гэтую перамоўную групу людзей кшталту Бяляцкага, Саннікава, Статкевіча”, – заўважыў палітолаг.

Трэці бок, які выканае ролю арбітра, мусіць складацца з высокіх чыноўнікаў Еўразвязу і Расеі. “Найлепш было б, каб да іх далучыўся яшчэ і Вашынгтон”, – падсумаваў Уладзімір Мацкевіч.

belsat.eu

Стужка навінаў