Адвакатку экс-кандыдатаў на прэзідэнцтва пазбавілі ліцэнзіі


Тамара Сідарэнка збіраецца абскардзіць рашэнне Міністэрства юстыцыі ў судзе.

Як патлумачыла Тамара Сідарэнка, прэтэнзіі да яе агучылі 16 жніўня на паседжанні кваліфікацыйнай камісіі Міністэрства юстыцыі. Першая з іх тычылася інтэрв’ю, якое Тамара Сідарэнка дала як абаронца экс-кандыдата на прэзідэнты Уладзіміра Някляева. Выказванні адвакаткі камісія палічыла некарэктнымі. Яшчэ адну заўвагу вынеслі за “парушэнні ў афармленні асабовых рахункаў”.

Тады камісія прыняла рашэнне спыніць дзеянне ліцэнзіі. Калегія Міністэрства юстыцыі, паседжанне якой адбылося ўвечары 30 жніўня, гэтае рашэнне зацвердзіла. “Я прасіла ўлічыць мае ранейшыя заслугі, а таксама тое, што цяпер як адвакат я вяду тры справы, і пакідаць людзей без абаронцы было б некарэктна. Але міністэрства, імаверна, палічыла гэтыя довады неістотнымі”, – гаворыць спадарыня Сідарэнка. Паводле яе, рашэнне Міністэрства юстыцыі яна будзе абскарджваць у судзе.

Тамара Сідарэнка займаецца адвакацкаю дзейнасцю з 1978 г. і мае рэпутацыю прафесіянала высокага ўзроўню. Яна неаднаразова была кіраўніцаю стажыравання маладых адвакатаў. Мае ўзнагароды, у тым ліку і ад Міністэрства юстыцыі за развіццё адвакатуры. Пасля леташніх падзеяў 19 снежня Тамара Сідарэнка абараняла экс-кандыдатаў на прэзідэнта Уладзіміра Някляева і Алеся Міхалевіча. Яна стала сёмым абаронцам, які застаўся без ліцэнзіі, пасля вядзення справаў “дзекабрыстаў”.

belsat.eu

Стужка навінаў