Эдуард Лобаў: Ніколі не папрашу ворага аб памілаванні


Вязень паведаміў родным, што палітычных угаворваюць напісаць прашэнне аб памілаванні.

“Учора, пасля амаль месячнага перапынку, нарэшце атрымалі ліст ад Эдуарда. Сын піша, што яго выклікалі на размову ў аператыўную частку, прасілі ды пераконвалі напісаць прашэнне аб памілаванні. Але, як ён напісаў, прасіць памілавання ў ворага не збіраецца, дый вінаватым сябе не лічыць”, – распавяла “Белсату” маці зняволенага маладафронтаўца Марына Лобава.

Эдуард Лобаў піша, што “на размовы” ўжо двойчы выклікалі і Фёдара Мірзаянава, але юнак таксама адмаўляецца прасіць літасці. Марына Лобава гаворыць, што, паводле сына, пагрозаў або ціску з боку адміністрацыі калоніі няма, турэмшчыкі пакуль імкнуцца ўздзейнічаць “сілаю слова”. “Наіўна думаць, што атрымаўшы 4 гады калоніі ні за што, сын пагодзіцца нешта там напісаць. Яшчэ падчас следства да яго неаднаразова прыходзілі працаўнікі КДБ і контрвыведкі з фатаграфіямі з Плошчы, прасілі, каб ён агаварыў кагосьці з удзельнікаў тых падзеяў ці кандыдатаў на прэзідэнта. Эдуард не пайшоў на гэта, хоць яму і пагражала 8 гадоў турмы”, – зазначае жанчына.

Марына Лобава гаворыць, што палітычных (акрамя Эдуарда, у Івацэвіцкай калоніі “Ваўчыныя норы” таксама адбываюць пакаранне Павел Вінаградаў і Фёдар Мірзаянаў) раскідалі ў розныя атрады, каб яны менш кантактавалі: “Але часам ім удаецца перасякацца, дзякуючы гэтаму мы і маем магчымасць даведвацца нейкія навіны пра нашых сыноў, бо лісты прыходзяць вельмі рэдка”.

Актывіст “Маладога фронту” Эдуард Лобаў быў асуджаны на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Маладзёна разам са Змітром Дашкевічам прэвентыўна затрымалі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў і абвінавацілі ў збіванні выпадковых мінакоў. Праваабаронцы ацанілі гэта як палітычны пераслед актывістаў. “Міжнародная амністыя” прызнала Эдуарда Лобава і Змітра Дашкевіча вязнямі сумлення.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары