Уладзімір Някляеў: Перамовы загадзя могуць быць тупіковымі


“Трэба прымаць рашэнні, якія будуць пазбаўляць Лукашэнку абсалютнай улады, вось у чым праблема. Ён да гэтага на сёння абсалютна не гатовы, – заявіў Уладзімір Някляеў у інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат”. – Перамовы могуць толькі зрушыць яго на крок, на два такіх рашэнняў. Ужо гэта будзе добра”.

Пры гэтым Уладзімір Някляеў падкрэсліў, што без вызвалення ўсіх палітвязняў перамовы апазіцыі з уладамі немагчымыя. “Размова мусіць ісці наагул пра змяненне палітычнага клімату ў краіне, пра палітычныя рэформы, – гаворыць палітык. – Гэта ўжо чацвёртая проба весці нейкія перамовы, але раней не было такой сітуацыі – не было рамы сістэмнага крызісу, у якой адбываюцца ўсе нашыя дзеі. Ён жа не ад уласнага жадання і не ад таго, што дадумаўся, прапаноўвае перамовы. “Прыпякло”, “прыпёрла” – вось чаму ён гэта закінуў – пра магчымасць перамоваў”.

Паводле Уладзіміра Някляева, перамовы – адзіны шлях да вываду краіны з крызісу. “Не трэба гэта адпіхваць, уставаць у позу: маўляў, усё адно падмане. Можа быць, падмане, і ён разлічвае падмануць – ці гэтых, ці тых. Тых, хто пойдзе на перамовы. Ён жа прапаноўвае і Расеі, і Еўразвязу, і апазіцыі – што гэта такое? Гэта не перамовы”, – падкрэсліў палітык.

Паводле экс-кандыдата на прэзідэнта, перш як узяць удзел у перамовах з уладамі, апазіцыя мусіць дамовіцца паміж сабою. “Патрэбная адзіная канцэпцыя перамоваў – што можна прапанаваць і чаго нельга прапанаваць. Ёсць людзі, гатовыя ісці на перамовы без усялякіх умоваў: маўляў, добра што яны пачнуцца, а там пабачым. Не. гэта не пазіцыя і не падыход, гэта – капітуляцыя і слабасць”, – падкрэсліў Някляеў.

belsat.eu

Стужка навінаў