Як у Беларусі паўставаў аўтарытарызм?


5 лістапада гледачы «Белсату» мелі магчымасць паразважаць над сваім «кодам прысутнасці». Дакументальны фільм з такою назваю паказалі у вечаровым эфіры каналу а 21.40.

Аўтар сцэнару стужкі Уладзімір Халіп кажа, што яна мусіць паспрыяць выбару беларусаў: «Мне не падабаюцца такія настроі, калі кажуць, што ўсё зменіцца, калі не гэтым разам, то праз год, два, потым. Але ліміт цярпення вычарпаны, выбар трэба і можна рабіць тут і цяпер. Гэты фільм – мажлівасць азірнуцца назад, паглядзець на памылкі, якія мы зрабілі, паслухаць разумных людзей, абудзіцца. Пратэст у грамадстве наспеў, аднак яно раз’яднанае. У нас выдатны народ і выдатная краіна – застаецца толькі прыбраць з дарогі адну перашкоду…»

Фільм распавядае пра тое, як у Беларусі паўставаў аўтарытарызм. У стужцы паказаныя малавядомыя кадры на якіх ажываюць падзеі сярэдзіны 90-тых гадоў. Кропкаю незвароту называецца брутальнае збіццё ў красавіку 1995 г. дэпутатаў Вярхоўнага савету, якія галадаваннем у парламенцкай зале пратэставалі супраць змены сімволікі.

А стартавым пунктам крызісу апазіцыі называецца адна з акцыяў пратэсту ў 1996 г., калі шматлікую калону дэманстрантаў са скрыжавання перад шыхтамі АМАПу павялі ціхаю вулачкаю: «У нікуды не ходзяць і нерашучым не вераць».

Закадравы голас чалавека, які прагне пераменаў, кажа, што не можа прыняць цяперашні «рай» ад уладаў: «Нешта з кодам…» Але праблема з кодам, імаверна, ёсць у шмат якіх беларусаў. Ці не ва ўсіх. Бо няма ў нас агульнага коду прысутнасці тут.

Дарэчы назва фільму ўзятая з кнігі філосафа Валянціна Акудовіча «Код адсутнасці. Асновы беларускай ментальнасці». І вось што ён сам кажа пра згаданую праблему ў фільме: «Для Беларусі кожная ідэя нацыянальная – гэта ўсё роўна страта. Бо кожная нацыянальная ідэя будзе адсякаць з мінулага і цяперашняга ўсё тое, што не ўлазіць у фармат гэтай ідэі. Таму я замест нацыянальнай ідэі запрапанаваў дыскурс Беларусі. Гэта такая штука тэарэтычная, якая ўключае ўсё як сваё каштоўнае: і беларускую нацыянальную ідэю, і ліцвінскую, і крыўскую, і савецкую беларускую, і акупацыю нават, і Чарнобыль, і Трактарны завод, і Вітаўта, і Машэрава, і…»

Аднак жа як цяжка гэта ўвасобіць на практыцы! У выніку адныя лічаць код іншых памылковым і нават варожым. А аргументам у дыскусіі часта служыць сіла…

У фільме побач з Валянцінам Акудовічам здымаліся Валянцін Голубеў, Андрэй Дынько, Генадзь Бураўкін і Алег Трусаў.

Стужка навінаў