Беларуская АЭС як вайскова-палітычны праект


Будаўніцтва беларускай АЭС не эканамічны, а вайскова-палітычны праект. Такое меркаванне 30 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Менску выказаў кіраўнік грамадскай ініцыятывы “Астравецкая атамная – гэта злачынства” Мікалай Уласевіч.

Ён лічыць, што праект беларускай атамнай электрастанцыі – “гэта абсалютна расейскі праект”, закліканы “цалкам прыхапіць” Беларусь. “Гэта вайскова-палітычны праект, аніякага эканамічнага складальніка тут няма. Гэта пэўная пастка, адзін з механізмаў, які запусціла Расея, каб нас эканамічна інкарпараваць. Я лічу, што гэта смяротная пагроза, што навісла над суверэнітэтам і незалежнасцю нашай дзяржавы”, – падкрэсліў Уласевіч.

Грамадскі актывіст спаслаўся на артыкул 18 Канстытуцыі, у якім адзначаецца, што “Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядравай зонаю, а дзяржаву – нейтральнаю”. У адпаведнасці з гэтым артыкулам, паводле ягоных словаў, у краіне нельга весці будаўніцтва атамнага аб’екту. Ён адзначыў, што рашэнне пра будаўніцтва АЭС “прыняло вузкае кола асобаў – Савет бяспекі – яшчэ ў канцы 2008 года”.

Кіраўнік ініцыятывы заявіў, што ўладныя структуры належным чынам не абмеркавалі пытання будаўніцтва атамнай станцыі з насельніцтвам.

“Тое абмеркаванне пытання з грамадскасцю, якое было 9 кастрычніка 2009 года ў Астраўцы, гэта не абмеркаванне, а здзек, – лічыць Уласевіч. – Казармавыя ўмовы, спецпропускі, спецназ, загараджальныя кардоны, за якія маглі трапіць не больш як паўтара дзясятка праціўнікаў будаўніцтва, а выступіць не давалі”.

“Асноўны закон краіны кажа Беларусі быць бяз’ядравай, у гэтым выпадку пытанне мусіць прымацца на рэферэндуме”, – дадаў ён.

Праваабаронца Іван Крук заявіў, што цяпер у зоне будаўніцтва АЭС узводзіцца інфраструктура. У прыватнасці, да пляцоўкі будучай станцыі ўжо падвялі чыгунку і аўтадарогі, катлавану пакуль не рыюць. Крук выказаў меркаванне, што будаўніцтва атамнай станцыі згубна паўплывае на ўнікальны прыродны рэгіён, які знаходзіцца недалёка ад Нарачанскага нацыянальнага парку.

belsat.eu

Стужка навінаў