Наста Палажанка: Дашкевіча катуюць у калоніі


За час зняволення лідара “Маладога фронту” Змітра Дашкевіча восем разоў змяшчалі ў карцар. Пра гэта 30 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Менску паведаміла ягоная нявеста Анастасія Палажанка.

Паводле яе, 24 жніўня з Дашкевічам сустрэўся адвакат. “Паўнацэннай сустрэчы сам-насам не атрымалася. Дашкевіч размаўляў з адвакатам праз шкло, праз тэлефонны апарат, у прысутнасці працаўніка калоніі № 9 у Горках. Але і ў гэтых умовах ён паведаміў, што ў дачыненні яго ўжываюцца катаванні – я гэта заяўляю з усёй адказнасцю”, – сказала Палажанка.

Дзяўчына зазначыла, што намеснік начальніка аператыўна-рэжымнай працы калоніі Аляксандр Лапатка забараніў Дашкевічу спаць уначы, выводзіў яго ў калідор, прымушаў усю ноч стаяць, пасля чаго даў загад выйсці на працу. “З прычыны таго, што Дашкевіч з-за слабасці адмовіўся працаваць, яго чарговы раз пакаралі”, – сказала Палажанка.

Ён адзначыў, што праз сталыя спагнанні яго пазбавілі перадачаў, і цяпер ён можа толькі атрымліваць бандэролі: па дзве бандэролі на год вагою па два кілаграмы.

Акрамя таго, адзначыла яна, адміністрацыя калоніі адмаўляе Дашкевічу ў праве азнаёміцца з рапартамі аб яго правапарушэннях, напісаць на іх скаргі ды адмаўляе даць Біблію. “Аніводнаму адвакату, а іх сем чалавек, не далі азнаёміцца з асабістаю справаю Дашкевіча. Адвакаты, такім чынам, не маюць падставаў абскардзіць адміністрацыйныя правапарушэнні ў дачыненні іхнага падабароннага”, – сказала Палажанка.

“Тое, што адбываецца са Змітром, – характэрна для ўсёй нашай пенітэнцыярнай сістэмы. – сцвярджае дырэктар інфармацыйна-асветніцкай установы “Платформа” Андрэй Бандарэнка. На жаль, з прычыны закрытасці ўстановаў і немагчымасці грамадскім арганізацыям весці кантроль і маніторынг таго, што адбываецца ў зонах, адміністрацыя калоніяў у стане вяршыць лёсы зняволеных”.

belsat.eu

Стужка навінаў