У Польшчы – дыскусія наконт перадавання звестак пра рахункі беларусаў


“Мы хочам прыпыніць пагадненне ў межах крымінальных справаў”, – паведаміла “Белсату” прэс-сакратар Міністэрства юстыцыі Польшчы Ёанна Дэмбэк.

Яна адзначыла, што дагэтуль звесткі пераказваліся наўпрост паміж судамі. Калі пагадненне аб такой супрацы прыпыняць, гэты абмен будзе адбывацца пры пасярэдніцтве Міністэрства юстыцыі Польшчы.

„Працэс разгляду заявак можа расцягнуцца, але тут гаворка ідзе не пра час, тут сэнс у тым, каб гэтыя заяўкі вельмі добра правяраліся, каб больш ніколі не паўтарылася сітуацыя, што польскі бок перадаў беларускаму дадзеныя аб беларускіх апазіцыянерах. Мы хочам пазбегнуць такіх сітуацыяў, таму кажам пра магчымае прыпыненне пагаднення, што тычыцца крымінальных справаў”, – падкрэсліла Ёанна Дэмбэк.

Міністэрства юстыцыі цягам тыдня скончыць разгляд пытання аб прыпыненні дзеяння дамовы з Беларуссю пра абмен прававой інфармацыяй паміж судамі краінаў. „Я думаю, што пытанне развяжацца на гэтым або на наступным тыдні. Вельмі важна тое, што пытанні аб праўнай польска-беларускай супрацы абмяркоўваюць парламент, Міністэрства замежных справаў, Генеральная пракуратура”, – адзначыла Ёанна Дэмбэк. Яна падкрэсліла, што рашэнне прымуць пасля чарговай сустрэчы ў польскім парламенце, і гэта будзе супольнае рашэнне згаданых ведамстваў.

Паводле прэс-сакратара польскага Міністэрства юстыцыі, гаворка ідзе пра крымінальныя справы. Звесткі ў грамадзянскіх, працоўных і адміністрацыйных справах будуць падавацца надалей.

Магчымасць выдавання інфармацыі пра рахункі замежных грамадзянаў прадугледжвае польска-беларуская дамова “Аб узаемнай дапамозе ў крымінальных справах, грамадзянскі, сямейных, працоўных ды іншых”, падпісаная ў Менску 26 кастрычніка 1994 г.

Тым часам літоўская газета «Lietuvos Žinos» называла здрадаю за грошы выдаванне Вільняю інфармацыі пра рахункі беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага. У якасці пацверджання журналісты прыводзяць інвестыцыйны праект на суму € 77 млн. Комплекс дрэваапрацоўчых і мэблевых фабрык літоўскай кампаніі «Vakarų medienos grupė» і завод «Мебелайн» літоўскага канцэрну SBA ўжо налета запрацуюць у свабоднай эканамічнай зоне Магілёва.

«Пры падпісанні дамовы пра гэтую інвестыцыю літоўскіх бізнесоўцаў кансультавала бюро беларускай адвакацкай канторы «Bernotas & Dominas Glimstedt», куратар якога – Эгідзіюс Бярнотас. амаль адразу пасля падпісання дамовы жонка Бярнотаса Аўшра Бярнаціене – тады дырэктарка Дэпартаменту міжнароднага права Міністэрства юстыцыі Літвы – задаволіла просьбу беларускага боку аб прававой дапамозе ў справе апазіцыйных дзеячаў», – піша журналістка Раса Калінаўскайце.

belsat.eu

Стужка навінаў