У Маладзечне пасажырка праславілася больш за скандальны фантан


У Маладзечне яшчэ не скончылі будаўнічых і рамонтных працаў да традыцыйнага свята працаўнікоў вёскі “Дажынкі”, на якім Аляксандр Лукашэнка асабіста ўзнагародзіць найлепшых сялянаў.

Нягледзячы на крызіс грошы на падрыхтоўку гораду да імпрэзы знайшліся, хоць ад некаторых аб’ектаў, як паведамляе сайт гораду Маладзечна www.molodechno.net, усё-такі давялося адмовіцца. У прыватнасці, ад надземных пераходаў ля галоўнага ўваходу ў гарадскі пар і гандлёвых шэрагаў на плошчы Старое месца.

Практычна скончаны рамонт аўтадарогі Менск – Маладзечна. Акрамя таго, на ўездзе ў Маладзечна замест Т-падобнага скрыжавання з’явіцца транспартнае кальцо. У цэнтры яшчэ аднаго новага транспартнага кальца на вул. Вялікі Гасцінец усталявалі памятную калону з фігураю Маці Божай. У калону ўмантаваны дэкаратыўны бронзавы фрагмент летапісу са згадваннем Маладзечна.

У горадзе з насельніцтвам менш за 100 000 чалавек пабудавалі лядовы палац на 2800 глядацкіх месцаў з басейнам і ўніверсальнаю спартоваю залаю. Апрача гэтага да “Дажынак” вырас цэлы амфітэатр, які нагадвае канцэртную пляцоўку “Славянскага базару” ў Віцебску.

У парку Перамогі зрабілі штучны вадаём з воднымі перакатамі ды фантанамі з падсвятленнем. У ім нельга купацца – толькі катацца на катамаране. На цэнтральнай плошчы Маладзечна запрацаваў скандальны фантан “Папараць-кветка”. Скульптурная кампазіцыя Уладзіміра Жбанава, што стаіць у цэнтры фантану, у сярэдзіне лета выклікала бурны пратэст некаторых маладзечанцаў, якія зладзілі збор подпісаў з просьбаю ўстрымацца ад усталявання “амаральнай скульптуры”. На абарону фантану паўстаў старшыня Менскага аблвыканкаму Барыс Батура.

Ля рэканструяванага будынку вакзалу паставілі яшчэ адну скульптуру – бронзавай пасажыркі з валізкаю і на шпільках (аўтар Вадзім Мацкевіч). Яна зрабілася адным з самых фатаграфаваных месцаў у Маладзечне.

belsat.eu

Стужка навінаў