Новая порцыя тэстастэрону: Пуцін перасеў на матацыкл


https://youtu.be/Vy8wGvYAlg0
Напярэдадні выбараў расейскі прэм’ер-міністр, прадэманстраваўшы аголены торс на прыёме ў доктара, узяўся за агітацыю байкераў.

58-гадовы прэм’ер-міністр Расеі Уладзімір Пуцін праехаўся ў чорным скураным строі па набярэжнай Наварасійску пад гукі рок-гімну, які належыць клубу “Начныя ваўкі”. 29 жніўня ў горадзе праходзіў байкерскі фестываль. Лідар клубу Аляксандр Зальдастанаў на мянушку “Хірург” – адзін з сяброў Пуціна.

“Вы не проста забаўляецеся і ганяеце на матацыклах, што і гэтак някепска, але вы сумяшчаеце гэта з выдатнымі, патрэбнымі нашаму народу, нашай краіне патрыятычнымі імпрэзамі”, – так расейскі прэм’ер распачаў сваю прамову перад натоўпам на акцыі ў гонар вызвалення гораду падчас Другой сусветнай вайны, якую зладзілі на борце савецкага ваеннага карабля.

“Менавіта гэтая гістарычная памяць – выдатны цэмент, які з людзей розных народаў, розных этнасаў, розных рэлігіяў робіць адзіную і непадзельную расейскую нацыю, стварае і ўмацоўвае адзіную і непадзельную вялікую Расею”, – заявіў ён.

Пуцін са сваёю партыяй “Адзіная Расея” мае намер здабыць дзве траціны галасоў на снежаньскіх выбарах у Думу, што дазволіць яму ўнесці змены ў Канстытуцыю. Агітацыйную кампанію ён распачаў адразу пасля падпісання прэзідэнтам Расеі Дзмітрыем Мядзведзевым ўказу, які зацвердзіў дзень выбараў: 4 снежня.

Парламенцкія выбары сфармуюць палітычны пейзаж напярэдадні прэзідэнцкіх, якія пройдуць у сакавіку 2012 г.

За амплуа, у якіх Пуцін дэманструе сваю мужнасць, у амерыканскіх дыпламатычных колах ён атрымаў мянушку “важак зграі” (“alpha dog”). Шырокай публіцы ўжо дэманстраваліся здымкі падчас спарынгу з трэнерам па дзюдо, палёту на знішчальніку і палявання на тыграў у Сібіры. А нядаўна відэакамера “заспела” Пуціна цягам медычнага агляду.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары