На фолк-фэсце «Камяніца» ўводзіцца дрэс-код


У світцы ўваход бясплатны.

3 верасня пад Менскам пройдзе фолк-фэст “Камяніца”. Сёлета хэдлайнерам фэсту, акрамя беларускіх калектываў “Тройца” і “Osimira”, стане лідар украінскага рок-гурта “Воплі Відаплясава” Алег Скрыпка. Такім чынам “Камяніца” набывае статус міжнароднага фестывалю. Пра гэта 29 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Менску паведаміў каардынатар фэсту Сяргей Чэгрынец.

Фестываль традыцыйна адбудзецца ў Музеі народнай архітэктуры і побыту (вёска Азярцо, за 4 км ад аўтарынку “Малінаўка”). Усе грошы за квіткі будуць пералічаныя на рахунак музею, дзеля захавання ўнікальнай калекцыі аўтэнтычнай беларускай драўлянай архітэктуры ХVІІІ–ХХ стст.

Уваход на фестываль – паводле квіткоў музею, якія каштуюць 10 000 рублёў для дарослых і 5000 для школьнікаў. Паводле дырэктаркі музею Святланы Лакоткі, “сума сімвалічная, бо хочацца, каб шырокае кола наведнікаў, у тым ліку і маладыя, мелі магчымасць прыйсці”. Тым не менш гэта адчувальная дапамога, адзначыла дырэктар.

Патрапіць на фэст можна і наагул бясплатна. Для гэта трэба вытрымаць дрэс-код, паведаміў Сяргей Чэгрынец. “Чалавек, які прыйдзе ў нацыянальным строі, будзе прапушчаны на тэрыторыю фестывалю бясплатна”, – сказаў ён.

Чакаюць фэсту і ўдзельнікі дуэту “Аляксандра і Канстанцін”. Паводле іх, яны плануюць прапанаваць слухачам прыгожыя балады, якіх не выконвалі восем гадоў, бо не было адпаведнага выпадку.

belsat.eu

Стужка навінаў