Казахстан перадаў беларусам капсулу з зямлёю ядравага палігону


29 жніўня ў Менску, каля Чырвонага касцёлу на плошчы Незалежнасці, заклалі капсулу з зямлёю, узятай з тэрыторыі былога Сяміпалацінскага ядравага палігону ў Казахстане.

Капсулу змясцілі ў падмурак мемарыялу «Звон Нагасакі», усталяванага ля бажніцы ў 2000 г. Гэта копія звона «Анёл» – аднаго з двух ацалелых пасля бамбавання Нагасакі 9 жніўня 1945 г. Звон – дар каталіцкай епархіі японскага гораду беларускаму народу.

Як паведаміў кіраўнік і аўтар праекту мемарыялу, дэпутат Вярхоўнага савету Беларусі ХІІ склікання (1990–1995 гг.) Юрый Папоў, акцыя прымеркаваная да Міжнароднага дня дзеянняў супраць ядравых выпрабаванняў, якім Генеральная асамблея ААН два гады таму абвясціла 29 жніўня.

Закладку капсулы ў Менску ініцыяваў казахстанскі бок у якасці напаміну пра тое, што былы Сяміпалацінскай палігон – самае забруджанае адкрытымі радыеактыўнымі ядравымі выбухамі месца ў свеце. З 1949 да 1991 гг. на палігоне правялі больш за 600 выбухаў. Узровень радыеактыўнага забруджвання гэтага месца вышэйшы, чымся ў Чарнобылі, Хірасіме або Нагасакі.

У цырымоніі ўзялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства замежных справаў, Міністэрства культуры і Менгарвыканкаму. Заклаў капсулу амбасадар Казахстану ў Беларусі Анатоль Смірноў.

Акцыя мае прыцягнуць увагу да неабходнасці забараніць ядравыя выпрабаванні і ядравую зброю ва ўсім свеце.

belsat.eu

Стужка навінаў