Міхась Залескі: Нас чакаюць часы татальнага дэфіцыту


Пакуль улады змагаюцца са знікненнем мяса, загадчыкі крамаў гавораць, што бліжэйшым часам у разрадзе дэфіцытных могуць апынуцца і іншыя прадукты.

«Пастаўнікі не выконваюць шмат нашых заявак. Значна скараціліся пастаўкі сыроў, вяршковага масла, цукерак, макароны. «Барымак» амаль не дае макароны, «Савушкін прадукт» выконвае толькі траціну заявак па сырах і тое толькі пры ўмове, што мы возьмем у «дадатак» некалькі паддонаў соку. Але пакупнікі яго амаль не набываюць, бо ён стаў вельмі дарагі», – распавяла «Белсату» загадчыца адной з крамаў у цэнтры Менску.

У буйным універсаме аднаго са «спальных» раёнаў сталіцы «Белсату» паведамілі, што пачаліся перабоі з пастаўкамі карпу – і гэта нягледзячы на тое, што беларуская рыба каштуе ўжо болей за 20 тыс. руб. за кілаграм. «Калі мы пытаемся ў экспедытараў, чаму прывезлі менш, чым мы замаўлялі, тлумачаць, што найперш загружаюць фуры, што ідуць на Расею і Польшчу, а ў беларускія крамы ўжо тое, што засталося», – гаворыць намесніца загадчыка аддзелу ўніверсаму.

«Дзяржава імкнецца атрымаць хоць якую валютную «капейчыну», таму ўсё і ідзе на экспарт. Нам жа толькі на абслугоўванне атрыманых крэдытаў патрэбныя мільярды долараў. А яшчэ трэба гасіць пазыкі па газу, электрычнасці», – тлумачыць незалежны эканаміст Міхась Залескі. Эксперт гаворыць, што ў такой сітуацыі дэфіцытам можа зрабіцца любы прадукт, на які адкрыецца попыт «з таго боку».

Яшчэ адна прычына ўзнікнення дэфіцыту, паводле Міхася Залескага, – нежаданне вытворцаў цярпець страты ад нявыгаднага продажу сваёй прадукцыі. «Але кошты падымаць не дазваляюць, бо гэта ж інфляцыя, дый насельніцтва пачне патрабаваць сабе больш высокіх заробкаў. Таму і балансуюць – самі кіраваць не могуць, а адпусціць, каб кіраваў рынак, таксама баяцца», – зазначае эксперт. Вынікам гэтага «балансавання» можа стаць татальны дэфіцыт, падсумоўвае эканаміст.

belsat.eu

Стужка навінаў