Спынены крымінальны пераслед кіраўніка выбарчага штабу Саннікава


У дачыненні Уладзіміра Кобеца – кіраўніка выбарчага штабу экс-кандыдата на прэзідэнцтва Андрэя Саннікава – спынілі крымінальную справу.

Паводле жонкі Кобеца Ульяны, на ягоны хатні адрас прыйшлі два афіцыйныя лісты з міліцыі. «У адным паведамляецца, што крымінальная справа, распачатая 20 снежня 2010 г. па факце ўчынення масавых беспарадкаў, спыненая пастановай ад 23 жніўня «ў сувязі з адсутнасцю ў дзеянні складу злачынства», у другім – што знятае часовае абмежаванне на права грамадзяніна выязджаць за межы Беларусі», – паведаміла Ульяна Кобец.

Сам Уладзімір Кобец цяпер знаходзіцца на аздараўленні за межамі Беларусі, паведаміла ягоная жонка.

Пасля выбараў яго арыштавалі і больш за месяц трымалі ў следчым ізалятары КДБ паводле падазрэнні ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 снежня.

Раней былі спыненыя крымінальныя справы ў дачыненні кіраўніка АГП Анатоля Лябедзькі, рэдактаркі сайту «Хартыя’97» Наталлі Радзінай, грамадскага актывіста Алега Корбана, экс-кандыдата на прэзідэнцтва Рыгора Кастусёва і актывіста перадвыбарнага штабу Мікалая Статкевіча Алеся Арастовіча.

belsat.eu

Стужка навінаў