«Royal Bank of Scotland» пад ціскам грамадскасці спыніў супрацу з Беларуссю


“Royal Bank of Scotland” (RBS), які ў студзені 2011 г. удзельнічаў у выпуску беларускіх еўрааблігацыяў на $ 800 млн, спыніў супрацу з Беларуссю. Як паведамляе брытанская газета “The Independent”, на мінулым тыдні ў Эдынбургу актывісты няўрадавых арганізацыяў “Index on Censorship” і “Free Belarus Now”, якія аб’ядноўваюць сваякоў і сяброў беларускіх палітвязняў, сустрэліся з кіраўніцтвам RBS. Пасля гэтай сустрэчы банк зрабіў заяву аб спыненні супрацы з Менскам.

“З увагі на санкцыі, палітычную сітуацыю ў Беларусі, якая пагаршаецца, і той факт, што краіна не выканала асноўных элементаў праграмы Міжнароднага валютнага фонду, RBS спыніў любыя аперацыі ў прыцягненні капіталу ад імя Рэспублікі Беларусь. Паўсюдна, дзе мы вядзем бізнес, мы абавязаныя ўлічваць шэраг фактараў, у тым ліку сацыяльныя і этычныя нормы і выкананне ўсіх міжнародных санкцыяў”, – цытуе газета заяву банку.

Як адзначае “The Independent”, RBS быў адзіным банкам Вялікай Брытаніі, які апошнім часам наўпрост супрацоўнічаў з Беларуссю ў фінансавай галіне.

У ліпені 2010 г. Беларусь размясціла ў Еўропе дэбютныя еўрааблігацыі на $ 600 млн са стаўкаю купону 8,75 % гадавых і пагашэннем у 2015 г. Летась у жніўні адбылося даразмяшчэнне еўрабондаў на $ 400 млн у дадатак да дэбютнага выпуску, даходнасць у паперах склала 8,251 % гадавых.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары