З Беларусі штогод эмігруюць каля 70 навукоўцаў


Аднак у БДУ мяркуюць, што праблемы з “уцечкаю мазгоў” у Беларусі не існуе.

“Выезд беларускіх студэнтаў на навучанне за мяжу – гэта яшчэ не ўцечка мазгоў”, – такое меркаванне на сесіі па адукацыі XIII Менскага форуму выказаў начальнік упраўлення міжнародных сувязяў БДУ Уладзімір Ціханаў.

На ягоную думку, у Беларусі праблема эміграцыі людзей з навуковымі ступенямі ў цэлым падобная да той жа праблемы ў Нямеччыне і надзвычайнай небяспекі для навуковага фонду краіны не ўяўляе.

З ім не пагаджаецца навуковая супрацоўніца Фізіка-тэхнічнага інстытуту Нацыянальнай акадэміі навук Арына Мурашова: “Сёння аспіранцкая стыпендыя ў Беларусі складае 600 тыс. руб., то бок у 3–4 разы менш, чым у Еўропе. Для таго, каб правесці даследаванне, маладыя навукоўцы могуць гадамі чакаць абсталявання. І калі яны адпраўляюцца на стажыроўкі ў Германію ці Іспанію, яны выдатна разумеюць, што там у іх больш магчымасцяў. Два гады таму я скочыла ўніверсітэт. Большасць маіх аднагрупнікаў адпрацавала размеркаванне і з’ехала хто ў Швейцарыю, хто ў Канаду, хто ў Польшчу. На карысць Беларусі яны больш ніколі не будуць працаваць”.

Як паведаміў кіраўнік Цэнтру маніторынгу міграцыі навуковых і навукова-педагагічных кадраў Інстытуту сацыялогіі НАН Беларусі Міхаіл Арцюхін, з Беларусі штогод эмігруюць і застаюцца за мяжой у сярэднім каля 70 навуковых супрацоўнікаў і выкладчыкаў універсітэтаў, у тым ліку 5–6 дактароў навук і 25 кандыдатаў навук.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары