Сёння кіраўніцтва МВФ разгледзіць заяўку Беларусі на крэдыт


Рада дырэктараў Міжнароднага валютнага фонду плануе сёння разгледзець заяўку Беларусі на выдзяленне стабілізацыйнага крэдыту ад $ 3,5 да 8 млрд. Заяўка была накіраваная ўрадам Беларусі ў МВФ 31 траўня.

На сённяшнім паседжанні кіраўніцтва МВФ таксама мае абмеркаваць справаздачу, падрыхтаваную місіяй фонду, якая працавала ў Менску ў першай палове чэрвеня. Рада дырэктараў, у прыватнасці, дасць ацэнку эканамічнай палітыцы ўраду Беларусі пасля праграмы стэнд-бай, якая завяршылася ў красавіку 2010 г.

Нагадаем, у межах стабілізацыйнай праграмы стэнд-бай Беларусь у 2009–2010 гг. атрымала ад МВФ пяць траншаў крэдыту на агульную суму $ 3,46 млрд.

Каб разлічваць на атрыманне новага крэдыту, Беларусь мусіць прэзентаваць МВФ дакладную антыкрызісную праграму. Як заявіла 4 жніўня сталая прадстаўніца фонду ў Менску Наталля Калядзіна, ураду неабходна падаць як пакет захадаў у галіне макраэканамічнай палітыкі, гэтак і праграму структурных пераўтварэнняў.

Асноўнаю праблемаю беларускай эканомікі цяпер застаецца множнасць курсу беларускага рубля. Чакалася, што прынцыповае рашэнне наконт гэтага ўлады прымуць на нарадзе ў прэзідэнта 25 жніўня, аднак Аляксандр Лукашэнка толькі чарговы раз паабяцаў, што сітуацыя на валютным рынку будзе стабілізаваная праз паўтара-два месяцы.

Разам з тым, да 1 верасня ўрад мусіць канчаткова вызначыць эканамічны курс развіцця краіны. “Далей адкладаць нельга. Да аўторка-серады ўсё будзе зведзена ў адзіны дакумент і вынесена на ўзровень прэзідэнта, і я асабіста абвяшчу людзям, як будзе дзеяць урад і Нацбанк у гэтай сітуацыі”, – паабяцаў Лукашэнка.

“Паўтара-два месяцы ў нас на стабілізацыю сітуацыі на валютным рынку. Цалкам. Катастрофы няма, сітуацыя кантраляваная, але патрабуе прыняцця пэўных рашэнняў”, – падкрэсліў Лукашэнка.

belsat.eu

Стужка навінаў