Эксперты: Візавы рэжым з ЕЗ можа быць спрошчаны праз паўтара года


Усё залежыць ад зменаў у палітычным, эканамічным і сацыяльным жыцці Беларусі.

У выходныя ў Ракаве сустрэліся прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў Беларусі, каб абмеркаваць, які захады мусіць зрабіць нашая краіна дзеля спрашчэння візавых дачыненняў з Еўрапейскім Звязам. На меркаванне палітолага Дзяніса Мельянцова, калі дазволяць палітычныя ўмовы, спрашчэнне візавага рэжыму і рэадмісія паміж нашымі краінамі могуць быць завершаныя цягам 1–1,5 гадоў.

Дырэктар офісу “За дэмакратычную Беларусь” Вольга Стужынская кажа: “Яшчэ ў лютым Рада ЕЗ даручыла Еўракамісіі распачаць з беларускім бокам адпаведныя перамовы. Але на сёння яны яшчэ не пачаліся. Еўракамісія падрыхтавала ліст да ўладаў Беларусі з запрашэннем да перамоваў, але з Менску няма ніякай рэакцыі. Маўчанне”.

Эксперт звяртае ўвагу на тое, што астатнія краіны, якія ўваходзяць ва “Усходняе партнёрства” (Украіна, Грузія, Малдова, Арменія і Азербайджан) больш актыўна лабіююць свае інтарэсы на прасторах Еўропы. “Яны здзейснілі важныя захады: адмена візаў для грамадзянаў ЕЗ, актыўная праца ў сферы абароны правоў чалавека і г. д. Беларусь у гэтым спісе пакуль у самым канцы”, – кажа спадарыня Стужынская.

Аднак сярод плюсоў эксперты адзначаюць тэхнічную падрыхтаванасць беларускага боку да бязвізавага рэжыму. “Біяметрычныя пашпарты ды ідэнтыфікацыйныя карткі ўжо распрацаваныя. У барацьбе з гандлем людзьмі Беларусь таксама мае добрыя паказчыкі, – кажа старшыня Рэспубліканскага саюзу турыстычных арганізацыяў Аляксандр Мірскі. – Самая асноўная праблема – адсутнасць палітычнай волі з боку чыноўнікаў. За адмену візаў выступае Міністэрства культуры і Міністэрства спорту і турызму. Найбольш актыўна супраціўляецца Міністэрства замежных справаў – яны зарабляюць на візах грошы, таму не хочуць адмяняць іх для турыстаў і гасцей, што прыязджаюць у Беларусь. Неадназначная пазіцыя ў Камітэту дзяржаўнага кантролю, Дзяржаўнага памежнага камітэту і Міністэрства ўнутраных справаў. Яны не адмаўляюць бязвізавага рэжыму, але не ёсць актыўнымі прыхільнікамі пераменаў”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары