Лабковіч: Спыненне пераследу як «перадпродажная падрыхтоўка»


https://youtu.be/8FxzCUVr6uU
Праваабаронца Уладзімір Лабковіч падкрэслівае, што нягледзячы на спыненне пераследу некаторых падазраваных у справе 19 снежня, улады яшчэ могуць выкарыстоўваць гэтую крымінальную справу супраць апазіцыі. “Казаць пра спыненне крымінальнай справы аб масавых беспарадках не выпадае. Напрыклад, Алесь Міхалевіч так і застаецца абвінавачаным у гэтай справе, і таму гэта можна ўжываць для ператрусаў, ціску, пераследу дэмакратычных актывістаў”, – гаворыць Уладзімір Лабковіч.

Зняцце ж абвінавачанняў у арганізацыі масавых беспарадкаў з журналісткі Наталлі Радзінай, экс-кандыдата на прэзідэнта Рыгора Кастусёва, старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, грамадскіх актывістаў Аляксандра Арастовіча і Алега Корбана праваабаронца назваў “перадпродажнаю падрыхтоўкаю”.

“Спачатку было вызвалена дзевяць чалавек, цяпер спынены крымінальны пераслед тых, каго вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе, адначасова з гэтым улады набіраюць вельмі “каштоўных” палітвязняў у выглядзе праваабаронцаў. Гэтак, спадар Бяляцкі цяпер – самы “каштоўны” закладнік сённяшняга рэжыму”, – падкрэсліў праваабаронца ў інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат”.

Уладзімір Лабковіч дадаў, што цяпер тыя, з каго былі знятыя абвінавачанні ў арганізацыі масавых беспарадкаў, могуць звярнуцца ў суд з патрабаваннем кампенсаваць маральныя страты – бо ў выніку іхныя арышт і ўтрыманне ў ізалятарах цягам некалькіх месяцаў былі незаконныя. “Безумоўна, гэтыя людзі, на нашую думку, юрыдычна могуць разлічваць на кампенсацыю маральных стратаў. Але практычна ў сённяшняй сітуацыі, калі мы ведаем, што і суды падпарадкаваныя ўладзе, у краіне адсутнічае правасуддзе, разлічваць на пазітыўнае рашэнне судовых органаў не выпадае”, – заявіў Уладзімір Лабковіч.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары