Абхазія: Аляксандр Анкўаб перамог на выбарах


У непрызнанай рэспубліцы Абхазія на прэзідэнцкіх выбарах перамог Аляксандр Анкўаб, які дагэтуль займаў пасаду віцэ-прэзідэнта.

Паводле Цэнтральнай выбарчай камісіі Анкўаб набраў 54,86 % галасоў. Напярэдадні выбараў ягоную перамогу аналітыкі называлі вельмі імавернаю. Аляксандр Анкўаб мае рэпутацыю цвёрдага палітыка і сярод іншых кандыдатаў на прэзідэнцтва найбольш актыўна выказваўся за збліжэнне з Расеяй.

«Мы яшчэ раз прадэманстравалі ўсяму свету, што мы маладая нацыя, якая хоча расці і развівацца ў адпаведнасці з міжнароднымі законамі», – заявіў Анкўаб на прэс-канферэнцыі пасля абвяшчэння вынікаў галасавання.

Афіцыйная Масква прызнала незалежнасць Абхазіі пасля расейска-грузінскай вайны, калі расейскія войскі акупавалі пратэставыя тэрыторыі Грузіі: Абхазію і Паўднёвую Асецію. Незалежнасць гэтых краінаў, акрамя Расеі, прызнаюць толькі Венесуэла, Нікарагуа і карлікавая дзяржава Науру.

belsat.eu

Стужка навінаў