Рост коштаў з пачатку года перавысіў 50 %


З пачатку жніўня рост коштаў у Беларусі склаў 6,6 %, у тым ліку з 16 да 23 жніўня – 3 %, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.

Найбольшы рост цэнаў з пачатку месяца адзначаны на свініну (29,2 %), маргарын (23,1 %), жывую рыбу (19,7 %), мясныя паўфабрыкаты з ялавічыны (19,3 %), паўвэнджаную каўбасу, курыныя яйкі (15,4 %), ялавічыну першай катэгорыі (15,1 %) і алей (12,3 %).

У той жа час патаннелі бульба (на 31,9 %) ды іншая агародніна і садавіна: белакачанная капуста (на 14,6 %), цыбуля (на 22 %), морква (на 23,8 %), буракі (на 38,8 %), яблыкі (на 23,1 %).

Рост спажывецкіх цэнаў у студзені склаў 1,4 %, у лютым – 2,7 %, сакавіку – 1,9 %, красавіку – 4,5 %, траўні – 13,1 %, чэрвені – 8,6 %, ліпені – 3,5 %, за першы тыдзень жніўня – 1,7 %, за два тыдні жніўня – 3,4 %.

За студзень–ліпень цэны выраслі на 41 %, з улікам трох тыдняў жніўня – на 50,3 %. «Паводле стану на сярэдзіну жніўня цэны выраслі з пачатку года на 45,8 % і далёка выйшлі за межы прагнозных параметраў (7,5–8,5 %.). Мы мяркуем, што рост спажывецкіх цэнаў будзе працягвацца», – заявіў начальнік галоўнага ўпраўлення макраэканамічнага аналізу і прагназавання Міністэрства эканомікі Антон Даўгавечны.

Ён адзначыў, што сітуацыя з коштамі да канца года будзе шмат у чым залежаць ад сітуацыі на валютным рынку. Цяпер, паведаміў прадстаўнік Міністэрства эканомікі, урад і Нацбанк выпрацоўваюць крокі для выхаду на адзіны курс. Даўгавечны падкрэсліў, што стрымліваць цэны адміністрацыйнымі сродкамі эканамічна немэтазгодна. «Абмежаванне цэнаў не ёсць чымсьці добрым. Цэнавыя абмежаванні знішчаюць малы бізнес», – падкрэсліў чыноўнік.

belsat.eu

Стужка навінаў