Эксперт: Продаж «Парытэтбанку» валютнага крызісу не вырашыць


Яшчэ адзін беларускі дзяржаўны банк чакае прыходу новага ўласніка. Гаворка ідзе пра «Парытэтбанк», даволі невялікую фінансавую ўстанову. Яна ўтварылася яшчэ ў 1991 г. Цяпер ажно 98,77 % акцыяў належаць Нацбанку. Праўда, статутны фонд банку складае ўсяго 93,4 млрд руб. (менш за 20 млн долараў паводле афіцыйнага курсу).

Паводле намесніка старшыні праўлення Нацбанку Сяргея Дубкова, Беларусь вядзе перамовы адразу з шэрагам патэнцыйных інвестараў. Прадавацца будзе ўвесь пакет акцыяў, але каму і за колькі, пакуль не паведамляецца. «Калі мы абярэм найбольш камфортнага партнёра і для «Парытэтбанку», і для Нацбанку, усё будзе публічна агучанае», – заявіў Сяргей Дубкоў.

Нядаўна банк пацвердзіў сваю стабільнасць, атрымаўшы ад расейскіх і казахстанскіх банкаў крэдыт на агульную суму 8 млн долараў.

Што дасць Беларусі прыватызацыя дзяржаўнага банку? «Продажам «Парытэтбанку» сітуацыі на валютным рынку не выправіш. Гэта занадта малыя грошы. Калі б прадаваўся «Беларусбанк» – іншая рэч, – мяркуе кіраўнік даследчага цэнтру імя Мізэса Яраслаў Раманчук. – А статутны фонд памерам 20 мільёнаў долараў даступны нават тысячам беларусаў – яны маглі б набыць банк праз афшор».

belsat.eu

Стужка навінаў