Сінкевіч: Улады бяздзейнічаюць і спадзяюцца на Пуціна


Эканаміст скептычна ставіцца да чарговага антыкрызіснага плану ўраду, які мае з’явіцца да 1 верасня.

Паводле эканаміста Аляксандра Сінкевіча, усе папярэднія праграмы ўладаў былі запозненымі палавінчатымі захадамі: «Наспеў час, каб там уцямілі, што патрэбны тэктанічны зрух у эканоміцы». Замест своечасовых дзеянняў для выйсця з крызісу кіраўніцтва Беларусі «закалыхалася» абяцанкамі расейскага прэм’ер-міністра Уладзіміра Пуціна пра ўвядзенне паніжальнага каэфіцыенту на газ.

Тым часам Міністэрства эканомікі сігналізуе аб праблемах. Чыноўнікі скарачаюць дзяржаўныя праграмы на 10 млрд руб.

Паводле старшыні Галоўнага ўпраўлення макраэканамічнага аналізу і прагназавання Аляксандра Даўгавечнага, фінансавая сітуацыя ў Беларусі патрабуе скарачэння выдаткаў бюджэту. «Будзе скарочанае інвеставанне прамысловасці з дзяржбюджэту, скароцяцца льготныя крэдыты», – паведаміў чыноўнік.

Міністэрства эканомікі разглядае таксама магчымасць скараціць фінансаванне яшчэ на 4,5 млрд руб. «Мы трацім больш, чым дае наша вытворчасць, адпаведна для дзяржаўных праграмаў на сёння ў нас няма дастатковых сродкаў, таму мы іх будзем стрымліваць. Ужо скаардынаваная палітыка Нацбанку і ўраду адносна эканоміі грашова-крэдытнай і бюджэтна-падатковай палітыкі», – дадае прадстаўнік міністэрства.

Эканаміст Ірына Урбан станоўча ацэньвае ініцыятыву Міністэрства эканомікі. «Такія рэкамендацыі беларускаму ўраду даўно выказваюць незалежныя і міжнародныя аналітыкі. Пытанне цяпер – наколькі паступовымі будуць дзеянні чыноўнікаў? Натуральна, праграмы скарачаць трэба – на іх проста няма грошай, але тут будзе праблема растлумачыць людзям гэтыя захады. Рэжым Лукашэнкі шмат гадоў карміў грамадзянаў абяцаннямі стабільнасці, ільготнага жытла, сацыяльных гарантыяў, на якія не было свабодных грошай. Цяпер чыноўнікі павінны быць гатовыя да незадаволенасці электарату. Гэта можа адштурхнуць іх ад рэформаў», – заяўляе эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў