Зашмат студэнтаў універсітэтаў – замала прарабаў?


У беларускіх ВНУ, заніжаныя патрабаванні да ўзроўню ведаў абітурыентаў. Гэтак заявіў Анатоль Рубінаў, старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу, кіраўнік дзяржаўнай камісіі кантролю за хадою рыхтавання і правядзення ўступных іспытаў у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах у 2011 годзе.

“Цяпер усе адзнакі – ад адзінкі да дзясяткі – лічацца станоўчымі, – заўважыў ён. – У нас сёння колькасць месцаў у ВНУ амаль на 40 % перавышае колькасць выпускнікоў агульнаадукацыйных школаў. 105 тысяч месцаў у ВНУ і 75 тысяч выпускнікоў – пра які адбор можа ісці гаворка?”

Рубінаў прывёў шэраг фактаў. Напрыклад, у Міжнародны дзяржаўны экалагічны ўніверсітэт імя Сахарава на спецыяльнасць “энергаэфектыўныя тэхналогіі, энергетычны менеджмент” паступіў на платнае навучанне абітурыент з сярэднім балам атэстата 3,2. У ягоным атэстаце больш за траціну прадметаў ацэненыя на двойкі, у тым ліку фізіка, хімія, матэматыка, расейская мова.

У Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт на спецыяльнасць “аўтаматызацыя і кіраванне энергетычнымі працэсамі” паступіў на платнае навучанне малады чалавек, які набраў на цэнтралізаваным тэставанні па профільным прадмеце – фізіцы – адзін (!) бал.

“Нельга лічыць нармальнай структуру рыхтавання кадраў у краіне, дзе лік асобаў, што паступілі ў ВНУ, амаль удвая перавышае лік тых, хто паступіў у ССНУ, – перакананы Рубінаў. – Гэта што ж у выніку – на аднаго рабочага ў нас будуць два прарабы?! Тут мы крыху перабралі”.

belsat.eu

Стужка навінаў