Праўладны Саюз пісьменнікаў: Чаргінец – Мапасан, а Ліпковіч – Моська


На афіцыйным сайце арганізацыі з’явіўся адкрыты ліст “Творцы і вандалы”.

Паводле аўтараў ліста, твор Мікалая Чаргінца – унікальны для беларускай літаратуры: “нічога падобнага дагэтуль не было і пасля не з’явілася”, а старшыню Саюза пісьменнікаў тут параўноўваюць з Мапасанам і Шолахавым.

Блогер Яўген Ліпковіч прытрымліваецца іншага меркавання і называе раман парнаграфічным. З мэтай абароны “маладой беларускай маральнасці” Яўген рэгулярна паліць творы Чаргінца ў Севастопальскім парку, што сталася нагодаю для судовага разбіральніцтва.

прыхільнікі Чаргінца адказваюць блогеру наступным: “Тое, што расказанае ў рамане «Таямніца авальнага кабінету», Мікалай Чаргінец ведае не з чутак. Цягам шматлікіх гадоў ён часта бываў у ЗША, удзельнічаў у працы асамблеяў ААН, і ў яго назапасіўся велічэзны дакументальны матэрыял для будучага твору. Паколькі пісаўся раман пра жыццё ва ўсіх яго праявах, у тым ліку ў такой пікантнай з’яве, як секс, і ён, вядома, ёсць і ў жыцці амерыканскіх прэзідэнтаў, так што ў рамане «Таямніца Авальнага кабінету» такія эпізоды зусім не «клубнічка», а натуральныя рысы жыццёвых будняў”. А блог Яўгена Ліпковіча ў лісце названы амаральным праз тое, што утрымлівае вострую крытыку ў дачыненні чыноўнікаў.

Сам блогер гэты тэкст успрыняў іранічна: “Чаргінец проста смешны. Ва ўсім, што ён робіць, ён смешны. Хто ўсе гэтыя падпісанты? Я нікога з іх не ведаю. А такія лісты – вяртанне ў 1937 год, калі пасля іх публікацыі расстрэльвалі ворагаў народу. Параўноўваць Чаргінца з Мапасанам драбнавата. Чаму не Камю, чаму не хтосьці з філосафаў? Паводле такога прынцыпу, мяне можна параўнаць з Пастарнакам ці Салжаніцыным, хоць мне да іх бясконца далёка. Яшчэ пытанне, на які блог яны зайшлі? Генеральная пракуратура не можа даказаць, што гэта мой блог, а яны ўжо ўсё даказалі!” – смяецца блогер.

Хто насамрэч пісаў гэты ліст, невядома. Аднак ад крыніцы ў Беларускім саюзе пісьменнікаў вядома, што падпісанты толькі сёння даведаліся пра ліст ад іхнага імя.

belsat.eu

Стужка навінаў