Афіцыйная дзедаўшчына – 2 выпадкі на год


Генеральная пракуратура паведаміла пра вынікі праверак у войску

Бабруйскі міжгарнізонны вайсковы суд вынес пакаранне за дзедаўшчыну сяржанту адной з вайсковых фармаванняў Аршанскага гарнізону. Яго асудзілі на 1 год зняволення з адтэрміноўваннем на год. Па сутнасці, вайсковец застаўся на волі. Вайсковая пракуратура выявіла, што асуджаны падчас дзяжурства ў роце стаў сведкам “нестатутных дачыненняў” паміж жаўнерам-стараслужбоўцам і навабранцам, але не спыніў супрацьпраўных дзеянняў і не паведаміў пра парушэнне непасрэднаму начальніку.

У прэсавай службе Генеральнай пракуратуры паведамілі, што гэта другі выпадак нестатутных дачыненняў у войску за гэты год. Вайсковая пракуратура ўвесь час адзначае скарачэнне такіх інцыдэнтаў і адмаўляе дзедаўшчыну ў беларускім войску ўвогуле.

Між тым у Беларускі Хельсінкскі камітэт з такою праблемаю не аднойчы звярталіся жаўнеры, а таксама іхныя сваякі. Напрыклад, Кацярына Багіна – маці загінулага ў Валожыне салдата – восьмы год патрабуе правядзення належнага расследавання ў крымінальнай справе. “Мы маем сур’ёзныя пытанні да следства, якія перадавалі з рук у рукі розным следчым, але яны гэтак і не адказалі на іх. Мы раіліся з незалежнымі экспертамі, якія пацвердзілі, што нельга было закрываць справу, яна не раскрытая. Але вайсковая пракуратура адназначна сцвярджае: гэта было не забойства, а суіцыд”, – кажа жанчына. Разам з мужам яны прайшлі ўсе інстанцыі ў Беларусі, а летась з дапамогай юрыстаў БХК звярнуліся ў камітэта правоў чалавека ААН.

Былы міністр абароны Павел Казлоўскі лічыць, што расследаваннем такіх справаў не мусяць займацца вайскоўцы. “Тут вельмі моцная карпаратыўная этыка. І яшчэ аніводнага перагляду следства ў справе гэтак званых суіцыдаў не было”. Праваабаронцы адзначаюць, што ўнутраныя працэсы ў беларускім войску закрытыя для грамадскасці.

Моладзевы актывіст Франак Вячорка летась датэрмінова вярнуўся з войска. Вось што ён распавядае пра ўнутраныя стасункі ў войску: “Дзедаўшчына засталася ў тых войсках, якія не нясуць штодзённага дзяжурства. Асабліва сухапутныя, мотастралкі. У нас у Мазыры, у войску супрацьпаветранай абароны, захаваліся некалькі формаў фізічнага гвалту, напрыклад, “прабіць лася”. Ёсць таксама “Напалеон” – беганне з падушкаю на галаве, “Забегі прусакоў” – ты вісіш на дужках ложка, “дзед” камандуе табе, як рухацца. Гэта псіхалагічны здзек. Самае горшае, што я ведаю, было ў суседнім гарнізоне: хлопца перавялі ў “чорта” – найніжэйшая ступень у лесвіцы дзедаўшчыны. Маладога паставілі на калені ў прыбіральні, і дзяды яго дружна абсікалі”. Паводле актывіста, самае папулярнае парушэнне ў войску – гэта пабор грошай і выкананне працы за іншых: некаторыя заканчваюць службу пры добрых грашах, бо адзін перавод – 200–300 тыс. руб. “З дзедаўшчынаю змагаюцца: ездзяць брыгады псіхолагаў з Міністэрства абароны, праводзяць ананімныя апытанні. Часам выяўляюцца выпадкі дзядухі, але часцей за ўсё – не. Існуе кругавая парука сярод салдатаў. Тых салдатаў, якія выкрываюць дзедаўшчыну, могуць цкаваць – не толькі дзяды, але і афіцэры. Дзедаўшчына выгадная для падтрымання “парадку”, асабліва ў начны час, калі начальства няма”. На меркаванне Франака Вячоркі, дзедаўшчына ўлілася ў сістэму. “Найчасцей дзядамі становяцца сяржанты, то бок іх блаславіла начальства”, – кажа суразмоўца.

belsat.eu

Стужка навінаў