Паскардзіліся на «хуткія следчыя дзеянні». Вочную стаўку перанеслі


Траіх актывістаў Партыі БНФ вінавацяць ў збіцці ахоўніка. Ім пагражае да 6 гадоў зняволення.

Крымінальную справу завялі нібыта за пабоі, нанесеныя ахоўніку будынку, у якім месціцца новая сядзіба партыі. У інцыдэнце вінавацяць Максіма Губарэвіча, Алеся Каліту і Сяргея Семенюка. Яны перакананыя, што гэта правакацыя.

25 жніўня дапыталі Алеся Каліту і Сяргея Семенюка.

Сяргей Семянюк распавёў «Белсату», што інцыдэнт сапраўды меў месца, ахоўнік у п’яным стане ў пазапрацоўны час чапляўся да сябраў партыі, якія прыехалі на сойм, і тыя былі вымушаныя вывесці яго з будынку і пасадзіць у таксі. Паводле следчых, на наступны дзень ахоўнік напісаў пазоў ды зняў пабоі: у яго нібыта зламаная рабрына.

«Адзначаецца, што ён быў моцна збіты, і што ў яго зламаная рабрына, але вельмі цікава, што праз дзень ён выйшаў на працу абсалютна бадзёры, нябіты, без сінякоў, без нічога», – кажа Сяргей Семянюк.

Нечакана з’явілася яшчэ адна пацярпелая: “Гэта ахоўніца, якая ў той дзень і ў той час працавала на вахце, якая, у прынцыпе, знаходзілася далёка ад канфлікту і толькі аднойчы падышла, каб супакоіць гэтага п’янага ахоўніка”, – патлумачыў Сяргей Семянюк.

У інтэрв’ю «Белсату» і Алесь Каліта, і Сяргей Семянюк адзначылі, што следчыя дзеянні адбываюцца надзвычай хутка. Гэта, паводле іх, можа сведчыць пра тое, што следчых прыспешваюць. Яны ўзгадалі таксама пра паралелі са справаю супраць Дашкевіча і Лобава. Вочную стаўку Каліты і Семянюка, якая мела адбыцца 26 жніўня, перанеслі на наступны тыдзень.

belsat.eu

Стужка навінаў