Нацбанк: Поўнай забароны на продаж валюты праз абменнікі няма


Нацыянальны банк Беларусі катэгарычна абвяргае паведамленні, што з’явіліся ў медыях, пра забарону камерцыйным банкам прадаваць насельніцтву наяўную замежную валюту праз абменныя пункты. «Абсалютная большасць банкаўскіх абменных пунктаў будуць ажыццяўляць аперацыі як па куплі, так і па продажы валюты», – гаворыцца ў каментары Нацбанку ў звязку з лістом, які быў разасланы банкам 23 жніўня.

Як тлумачыць Нацбанк, ліст быў падрыхтаваны ў адпаведнасці са зваротам Асацыяцыі беларускіх банкаў і накіраваны на адрас толькі шасці сістэмаўтваральных банкаў краіны. «Названае рашэнне звязанае, перш за ўсё, з неабходнасцю ўпарадкаваць сітуацыю вакол абменных пунктаў, размешчаных у буйных гандлёвых цэнтрах і на рынках. Маніторынг паказвае, што ў гэтых месцах назіраюцца чэргі з грамадзянаў, якія набываюць валюту, – гаворыцца ў каментары. – Пры гэтым у чэргах практычна прысутнічаюць адны і тыя ж асобы, якія з вялікаю доляй імавернасці набываюць замежную валюту для наступнага яе продажу на нерэгуляваных сегментах валютнага рынку».

Акрамя таго, лічаць у Нацбанку, «наяўнасць чэргаў каля абменных пунктаў не толькі перашкаджае нармальнай працы персаналу гандлёвых цэнтраў і рынкаў, але і стварае значныя нязручнасці для іх наведнікаў».

У звязку з гэтым буйным беларускім банкам, якія маюць пункты абмену валюты на тэрыторыі гандлёвых цэнтраў і рынкаў, далі права супольна з кіраўніцтвам гэтых гандлёвых аб’ектаў вызначыць, ці хочуць яны выкарыстаць прапанаваны ў лісце Нацбанку рэжым працы абменных пунктаў, і ў якіх канкрэтных абменных пунктах.

belsat.eu

Стужка навінаў