Дзяржкантроль будзе шукаць валюту на замежных рахунках бізнесоўцаў


Аляксандр Лукашэнка даў загад КДК і сілавым структурам зрабіць усё магчымае дзеля вяртанні валютнай выручкі.

На ўчарашняй нарадзе ў пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Лукашэнка адзначыў: «Некаторыя бізнесоўцы ўжо пачалі сваволіць. Дзесьці выручку пакінем, нам так выгадна і так далей. Калі такія факты будуць выяўленыя – мала не будзе».

КДК мае досвед такой працы. Летась разам з КДБ ён арыштаваў 10 чалавек за адмыванне грошаў. Затрыманыя абнаяўлівалі валюту для беларускіх і замежных прадпрыемстваў праз рахункі больш як 20 кампаніяў, адкрытых у розных краінах. Штодзённы абарот перавышаў 300 тыс. долараў. «Мы маем сведчанні пра тое, што за мяжою рэгіструюць фіктыўныя фірмы, якія праз інтэрнэт кіруюць рахункамі беларускіх прадпрыемстваў. Тым самым яны займаюцца незаконнымі аперацыямі», – кажа прадстаўнік Дэпартаменту фінансавых расследаванняў Дзмітрый Адамовіч.

Інфармацыю пра такія незаконныя дзеянні КДК атрымлівае ад сваіх замежных калегаў. Аднак пасля гучнага скандалу з перадачаю звестак пра рахункі праваабаронцы Алеся Бяляцкага і арганізацыі «Вясна» ў Літве і Польшчы, замежныя прадстаўніцтвы вельмі асцярожна ставяцца да запытаў беларускіх спецслужбаў пра выпіскі з рахункаў.

«Гэта нармальная практыка, калі краіны абменьваюцца інфармацыяй пра фінансавую дзейнасць на сваёй тэрыторыі, каб перадухіліць злачынствы, – кажа юрыстка Святлана Шлома. – Але пытанне, як гэтая інфармацыя выкарыстоўваецца. Пасля скандалу з беларускімі праваабаронцамі органы кантролю шэрагу краінаў ЕЗ зазналі моцную крытыку. Юрыдычна банкі маюць права не выдаваць інфармацыі пра рахункі сваіх кліентаў».

belsat.eu

Стужка навінаў