Чаму даражэюць крупы?


Журналісты «Белсату» звярнуліся да жыхароў Менску з пытаннем пра магчымыя прычыны росту коштаў на крупы, у прыватнасці на грэчку, якая яшчэ год таму была адносна даступнаю, а цяпер сталася ледзь не далікатэсам. У найлепшым выпадку 800-грамовы пакунак гэтай крупы каштуе каля 15 тыс. руб., аднак кошты могуць даходзіць і да 20 тыс. руб.

«Я грэчкі сёлета не купляла», – прызнаецца адна з рэспандэнтак. Паводле жанчыны, кошты на гэтую крупу растуць, бо яна збольшага прывазная, таму кошты падняліся і на грэчку, што вырасцілі і сабралі ў Беларусі. «Я шмат езджу, але ніколі не заўважаў, каб недзе расла грэчка, – гаворыць іншы рэспандэнт. – У любым выпадку не зразумела, чаму кошты выраслі і на рыс – яго ж вельмі шмат у свеце вырошчваюць».

Іншая рэспандэнтка лічыць, што ў росце коштаў вінаватыя сяляне і сельскія гаспадаркі, што прасілі «адпусціць» кошты. «Вось «адпусцілі» – цяпер па такім кошце і набываем», – абураецца жанчына. Адзін з апытаных жыхароў сталіцы лічыць, што кошты на крупы – спекуляцыйныя, і іх нельга патлумачыць нават праблемамі з курсам беларускага рубля. Выказваліся і досыць абсурдныя меркаванні. «Іншапланетнікі прэзідэнту нашаму аддалі загад: рабі так, як трэба. Рабі дарагія крупы – і будзе ўсё класна!» – заявіў адзін з рэспандэнтаў.

belsat.eu

Стужка навінаў