У Столінскім раёне на выбарах паставяць празрыстыя скрыні


Але падчас датэрміновага галасавання будуць карыстацца драўлянымі.

“Ёсць небяспека, што ў празрыстай скрыні будзе бачна, як прагаласаваў чалавек, бо не кожны выбаршчык складае бюлетэнь [напалам]. Нашыя калегі з Украіны і Расеі параілі нам падчас галасавання датэрміновага і на даму выкарыстоўваць скрыні драўляныя”, – патлумачыў першы намеснік Столінскага райвыканкаму Рыгор Пратасавіцкі.

Першыя пяць празрыстых скрыняў набылі яшчэ на мінулыя выбары, як параілі назіральнікі з АБСЕ. Як распавёў сп. Пратасавіцкі, яны каштавалі каля 200 тыс. руб. за штуку. На гэтыя прэзідэнцкія выбары ў мясцовага прадпрымальніка замовілі ўжо 74 скрыні для галасавання. Кошт іх павысіўся да 380 тыс. руб. за штуку.

Паводле старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, “у рэгламентацыі, якою мае быць скрыня для галасавання, няма ні слова пра тое, які матэрыял мусіць выкарыстоўвацца. Ён можа быць і празрысты, і шчыльны, гэта залежыць ад сродкаў арганізацыі. У Столінскім раёне вырашылі такім чынам патраціць грошы, а іншыя раёны вырашылі на скрынях зэканоміць”.

На выдаткі выбаркамаў у Беларусі і за мяжою на прэзідэнцкіх выбарах з бюджэту краіны выдзелілі 37,71 млрд руб.

belsat.eu

Стужка навінаў