20 гадоў незалежнай Беларусі


21 жніўня 1991 года пазачарговая сесія Вярхоўнага Савету БССР прыняла закон “Аб наданні статусу канстытуцыйнага закону Дэкларацыі Вярхоўнага Савету БССР аб Дзяржаўным суверэнітэце”.

“20 гадоў таму адбылася найвялікшая падзея ў нашай гісторыі за апошнія 200 гадоў”, – кажа адзін з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту, дэпутат Вярхоўнага Савету 12 склікання Зянон Пазняк.

У той дзень на плошчу Леніна выйшлі дзясяткі тысячаў чалавек, а дэпутаты БНФ унеслі ў зал паседжанняў Вярхоўнага Савету бел-чырвона-белы сцяг.

“У той час грамадства было на ўздыме, – успамінае Зянон Пазняк. – Была створаная нацыянальная гвардыя, і людзі нас падтрымлівалі. Іхныя воклічы было чуваць у зале паседжання, і гэта ўплывала. Так што свабоду мы здабывалі разам: і тыя, хто быў на плошчы, і тыя, хто быў у зале”, – кажа спадар Пазняк.

Рашэнне аб змене назвы краіны з БССР на Рэспубліка Беларусь прынялі 19 верасня таго ж года, разам з пастановай аб дзяржаўных сімвалах: дзяржаўным сцягам абвесцілі бел-чырвона-белы сцяг, а гербам – Пагоню.

Як паказала апытанне “Белсату” па 20 гадах пасля атрымання незалежнасці, далёка не кожны мянчук узгадае тыя падзеі, але некаторыя нават і не лічаць гэтую дату святочнаю.

belsat.eu

Стужка навінаў