Старыя песні пра галоўнае


Прэзідэнт Беларусі зноўку паабяцаў, што праз паўтара-два месяцы сітуацыя на валютным рынку стабілізуецца.

“Нам трэба выходзіць на нармальны ўзровень функцыянавання валютнага рынку… Усе нашыя рашэнні мусяць грунтавацца на аб’ектыўных эканамічных законах, незалежна ад таго, хочам мы таго ці не… Ніякага папулізму быць не павінна”, – заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка на нарадзе ў актуальных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця. Паводле яго, сітуацыя праз акрэслены час цалкам стабілізуецца, але і сёння катастрофы няма, бо яна “кантраляваная, але патрабуе прыняцця адпаведных рашэнняў”.

“Ну колькі ўжо можна карміць народ абяцанкамі: заўтра, паслязаўтра, праз нядзелю-другую, праз месяц-паўтара… Даўно пара было ўжо наважыцца і ўсё зрабіць”, – зазначае эканамічны аналітык Сяргей Чалы. Эксперт гаворыць, што яму незразумела, чаму дагэтуль няма канкрэтных рашэнняў і крокаў, бо сітуацыя цалкам зразумелая, як і алгарытм выхаду з яе: “Зняць усе адміністрацыйныя абмежаванні, дапусціць абсалютна ўсіх на адзіную сесію беларускай валютна-фондавай біржы і па яе выніках вызначыць афіцыйны курс беларускага рубля”.

На меркаванне Сяргея Чалага, дзеяць трэба неадкладна, бо калі чакаць яшчэ “месяц-паўтара”, будзе толькі горш: краіна атрымае вышэйшы курс даляра і большыя кошты.

belsat.eu

Стужка навінаў